узро́ставы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пэўнага ўзросту; які вызначаецца па ўзросту. Узроставыя групы. Узроставыя змены.
узроўняме́р, ‑а, м.
Прыбор для прамысловага вымярэння або кантролю ўзроўня вадкасці або сыпучых рэчываў у рэзервуарах, сховішчах, тэхналагічных апаратах і пад.
узру́шанасць, ‑і, ж.
Стан узрушанага; усхваляванасць; трывога. Дзяўчына зусім супакоілася, нервовая ўзрушанасць зусім прайшла. Маўр. Панавала бадзёрая ўзрушанасць — ва ўсіх толькі і было размоў, што пра Мінск, пра штурм... Мележ.
узру́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад узрушыць.
2. у знач. прым. Вельмі моцна ўсхваляваны. Узрушаны дзядзька Марцін выйшаў на прыгумень, кісет дастаў і стаў папяросу вярцець. Колас. — Ну, паглядзіце, што гэта за чалавек? — звяртаецца ўзрушаная прадаўшчыца да пакупнікоў. Пянкрат. // Які знаходзіцца ў прыўзнятым стане; узбуджаны. Радасны і ўзрушаны дзед Талаш абедзвюма рукамі патрос Букрэеву руку. Колас. // Які выражае такі стан. Узрушаны твар. Узрушаны выгляд. Узрушаны голас.
узруша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да узрушыцца.
узруша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узрушыць (у 2 знач.).
узру́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да узрушыцца.
узру́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узрушыць.
узру́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
Моцна ўсхвалявацца; устрывожыцца. — Як жа гэта так? — узрушылася бабка: — За што такая няласка, такое пакаранне? Колас. [Маша] зноў узрушылася і так моцна, што рука з пісьмом апусцілася ў знямозе. Мележ.
узру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.
1. каго. Вельмі моцна ўсхваляваць; устрывожыць. Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Шамякін. Над .. балотам аж стогнуць канюхі. .. Узрушыў іх нехта, носяцца, выпрастаўшы крылы. Пташнікаў. Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? Колас. Песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі.
2. што. Разм. Узрыхліць, узварушыць паверхню чаго‑н. Узрушыць зямлю па градах. Вецер узрушыў гладзь возера. // перан. Пазбавіць устойлівасці, трываласці; пахіснуць. Хіба не магло так здарыцца, што сярод .. [бальшавікоў] убачылі б мы і Пуліхава, калі б толькі да дзён, што ўзрушылі свет, яму выпала дажыць!.. Мехаў.