Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узмакрэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які стаў мокрым (звычайна ад поту). Іван з Аляксеем ледзь паспявалі за .. [Сітай], моўчкі сапучы і выціраючы хусцінкамі ўзмакрэлыя твары. Б. Стральцоў. Пот засланяў вочы Змітраку, сцякаў з твару, .. да цела прыліпала ўзмакрэлая майка, хоць выціскай яе. Хадкевіч.

узмакрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм. Стаць мокрым (звычайна ад поту). Блукалі [хлопчыкі], як мне здалося, вельмі доўга, аж узмакрэлі, калі, нарэшце, нейкім цудам выйшлі проста да смалярні. Ваданосаў. Ад напружанасці ў .. [Кастуся] узмакрэлі далоні, і ад гэтага ён яшчэ больш бянтэжыўся. Гаўрылкін. Але як змерклася, калі ўсе паснулі, Галя дала волю слязам, яна амаль да раніцы прахліпала ў падушку, аж навалачка ўзмакрэла. Сабаленка.

узмалі́цца, ‑малюся, ‑молішся, ‑моліцца; зак.

Пачаць маліць, прасіць аб чым‑н. — Дзеткі... — узмалілася старая Аксеня. — Ці было калі пры бацьку, каб за сталом сварыліся... Чарнышэвіч. — Браткі, паездзім яшчэ трохі, — узмаліўся .. [Алесь]. Караткевіч.

узмасці́цца, ‑машчуся, ‑мосцішся, ‑мосціцца; зак.

Разм. Узабрацца на што‑н. высокае або на верх чаго‑н. Узмасціцца на дах. // Заняць пэўнае месца, пасаду. Не пераварот у царскім палацы, не змова свіцкіх генералаў з наследнікам, якому да свербу карціць самому ўзмасціцца на трон, — помста ад імя народа. Мехаў.

узмасці́ць, ‑машчу, ‑мосціш, ‑мосціць; зак., каго-што.

Разм. Узлажыць, палажыць (звычайна цяжкае, грувасткае) на што‑н. высокае або на верх чаго‑н. Мёртвага ў труне на калымагу ўзмасцілі. У дарогу, на той свет усхліпамі выпраўлялі. Калачынскі.

узма́х, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узмахваць — узмахнуць.

узма́хванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узмахваць — узмахнуць.

узма́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узмахнуць.

узмахну́цца, ‑нецца; зак.

Імкліва падняцца ўгору. Між стрэх узмахнуліся языкі полымя. Дуброўскі. Доўга вецер з травой гаварыў Ды ўзмахнуўся над мокрымі нівамі, А ў лесе сасоннік стары Пахіліўся галовамі сівымі. Тарас.

узмахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Парывіста махнуць чым‑н. Узмахнуць рукамі. Узмахнуць вёсламі. □ Птушка ўздрыгнула, узмахнула крыламі. Арабей. Міхась узмахнуў лазінай і галопам паляцеў па гасцінцы. Дайліда.