Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уздаго́н, прысл. і прыназ.

Разм. Тое, што і наўздагон. Тут чалавек завярнуў у двор, і сабакі, пабрахаўшы нейкі час уздагон, пакінулі яго. Кулакоўскі. А Ліда ледзь атрымалася, каб не свіснуць .. [Максіму] уздагон, па-хлапечаму гучна, задзірыста. Шамякін.

уздзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак., на каго-што.

Накіраваць (накіроўваць) дзеянне, зрабіць (рабіць) уплыў. Уздзейнічаць на рост раслін. Уздзейнічаць асабістым прыкладам. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне. Каваленка. [Дырэктар:] — Магчыма, знойдуцца людзі, якім не захочацца саджаць ручкі ў снег, у гразь... Вы павінны ўмець уздзейнічаць, арганізаваць працу... Васілевіч. Рэвалюцыйны рух .. уздзейнічае на масы не толькі праз падзеі, але і праз людзей. У. Калеснік.

уздзе́рці, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; пр. уздзёр, ‑дзерла; зак., што.

Тое, што і узадраць. Як падумае [Яначка], што ўвесь гэты гной прыйдзецца яму сахаром уздзерці ды па воз перакідаць, страх бярэ. Крапіва.

уздзе́рціся, ‑дзяруся, ‑дзярэшся, ‑дзярэцца; ‑дзяромся, ‑дзерацеся; пр. уздзёрся, ‑дзерлася; зак.

Тое, што і узадрацца. [Вартаўнік:] — Дык вось хто скінуў мой вулей з хвоі! На тую хвою ніхто не мог уздзерціся, хіба толькі гэты блазен. Ваданосаў.

уздзе́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уздзець.

уздзе́цца, ‑дзенецца; зак.

Надзецца, насадзіцца, нацягнуцца на які‑н. прадмет.

уздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., што.

1. Надзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. (адзенне, абутак і пад.). Уздзець паліто. Уздзець боты на ногі. □ Уздзеў [Платон] кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Вокны Параска посцілкамі пазавешвала, лепшы андарак уздзела. Лобан.

2. Павесіць, начапіць на што‑н.; прымацаваць да чаго‑н. Уздзець рукзак на плечы. Уздзець пятлю на крук. □ Лаўрэн Карпавіч, не спяшаючыся, уздзеў на нос акуляры і пачаў чытаць. Гроднеў.

3. Насадзіць што‑н. на вастрыё, на які‑н. стрыжань; праколваючы, надзець на што‑н. вострае. Уздзець кола на вось. □ Збан уздзеў на відэлец скрылёк кілбасы і на момант задумаўся, нібы вырашаючы, есці ці не. Шашкоў.

уздзе́янне, ‑я, н.

Дзеянне, накіраванае на каго‑, што‑н.; уплыў. Пад уздзеяннем адпаведнай тэмпературы і іншых штучна створаных умоў з «чорнага золата» выдзяляюцца светлыя прадукты — бензін і іншыя. Хадкевіч. Гаварыў .. [інструктар райкома] горача, быццам баяўся, што спакойна сказаныя словы не будуць мець уздзеяння. Сіўцоў.

уздзёрты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уздзерці.

уздзіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узадрацца, уздзерціся.

2. Зал. да уздзіраць.