Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узысці́, узыду; узыдзеш, узыдзе; пр. узышоў, ‑шла, ‑шло; заг. узыдзі; зак.

1. Ідучы, падняцца куды‑н. Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Колас. Я толькі на пагорак узыду, а ты ўжо кіруеш у нізіну. Макарэвіч. Змітрок узышоў на другі паверх, адчыніў дзверы. Ваданосаў. // Прайсці, пралегчы праз узвышэнне (пра дарогу, сцежку і пад.). Шаша ўзышла па ўзгорак і стала пятляць па лесе. Навуменка. / у перан. ужыв. Тры пакаленні беларускіх паэтаў плённа працавалі ў гады вайны. .. На якасна новыя рубяжы ўзышлі паэты сярэдняга пакалення: П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў. Гіст. бел. сав. літ.

2. Ступіць, уз’ехаць на паверхню чаго‑н., на што‑н. Узысці на кладку. □ Толік узышоў на загон, паставіў касу,.. узяў у рукі мянташку. Капыловіч. Цягнік збавіў ход і асцярожна ўзышоў на мост. Карпаў. [Чубар] саступіў у малады хвойнік і .. пачаў прабірацца скрозь яго, каб абмінуць павуціну і ўзысці пасля зноў на сцежку. Чыгрынаў. // Увайсці, уехаць куды‑н. Фурман быў захоплены работай і не пачуў, як узышоў на двор Мікола. Новікаў.

3. З’явіцца, узняцца над гарызонтам (пра нябесныя свяцілы). Сонца толькі што ўзышло, а на сядзібе ўжо былі людзі. Хадкевіч. Узышоў месяц і ясна стала. Чорны. Дзень на змену ночы йдзе; Вось узыдзе сонца скора. Крапіва.

4. Праросшы, паказацца на паверхні глебы. Паліна Нікандраўна з Аняй Кавалёвай стаяць каля ўчастка лубіну, які толькі што ўзышоў. Дуброўскі.

узыхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Дзеянне паводле дзеясл. узыходзіць — узысці (у 1, 3 знач.).

узыхо́джанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. узыходзіць — узысці (у 1, 4 знач.).

узыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да узысці.

2. Весці свой пачатак, паходжанне ад чаго‑н. Сучасны беларускі алфавіт агульнага паходжання з рускім і ўкраінскім. Усе яны ўзыходзяць да стараславянскай азбукі — «кірыліцы». Юргелевіч.

узыхо́дны, ‑ая, ‑ае.

Які падымаецца, павышаецца; проціл. зыходны. Узыходныя патокі паветра. Узыходныя шляхі.

•••

Узыходная інтанацыя гл. інтанацыя.

узы́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узычыць.

узы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Разм. Даць, зрабіць што‑н. як сябру; удружыць. Іван Сарока .. сядзеў каля падаконніка і шавецкім нажом — нож узычыў яму шавец Лазар Мардуховіч, — .. рэзаў скарынкі хлеба на дробненькія кавалачкі, каб пакарміць галубоў. Колас.