узысці́, узыду; узыдзеш, узыдзе; пр. узышоў, ‑шла, ‑шло; заг. узыдзі; зак.
1. Ідучы, падняцца куды‑н. Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Колас. Я толькі на пагорак узыду, а ты ўжо кіруеш у нізіну. Макарэвіч. Змітрок узышоў на другі паверх, адчыніў дзверы. Ваданосаў. // Прайсці, пралегчы праз узвышэнне (пра дарогу, сцежку і пад.). Шаша ўзышла па ўзгорак і стала пятляць па лесе. Навуменка. / у перан. ужыв. Тры пакаленні беларускіх паэтаў плённа працавалі ў гады вайны. .. На якасна новыя рубяжы ўзышлі паэты сярэдняга пакалення: П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў. Гіст. бел. сав. літ.
2. Ступіць, уз’ехаць на паверхню чаго‑н., на што‑н. Узысці на кладку. □ Толік узышоў на загон, паставіў касу,.. узяў у рукі мянташку. Капыловіч. Цягнік збавіў ход і асцярожна ўзышоў на мост. Карпаў. [Чубар] саступіў у малады хвойнік і .. пачаў прабірацца скрозь яго, каб абмінуць павуціну і ўзысці пасля зноў на сцежку. Чыгрынаў. // Увайсці, уехаць куды‑н. Фурман быў захоплены работай і не пачуў, як узышоў на двор Мікола. Новікаў.
3. З’явіцца, узняцца над гарызонтам (пра нябесныя свяцілы). Сонца толькі што ўзышло, а на сядзібе ўжо былі людзі. Хадкевіч. Узышоў месяц і ясна стала. Чорны. Дзень на змену ночы йдзе; Вось узыдзе сонца скора. Крапіва.
4. Праросшы, паказацца на паверхні глебы. Паліна Нікандраўна з Аняй Кавалёвай стаяць каля ўчастка лубіну, які толькі што ўзышоў. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)