узвадны́, ‑ая, ‑ое.
Спец. Які мае адносіны да узвода 2 (у 2 знач.). Узвадная спружына.
узва́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узважыць.
узва́жванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. узважваць — узважыць.
узва́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узважыцца.
2. Зал. да узважваць.
узва́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узважыць.
узва́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Вызначыць сваю вагу пры дапамозе вагаў; зважыцца. На вагі не адважыцца Ісці сама «мадам» [свіння]. Не так і лёгка ўзважыцца Трынаццаці пудам! Барадулін.
узва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Вызначыць вагу, цяжар каго‑, чаго‑н. Па дарозе дадому стары прапанаваў зайсці ў краму і ўзважыць ляшча. Ляўданскі. Клара ўзяла скрутак, здзівілася яго лёгкасці, узважыла на руцэ і разгарнула. Хомчанка.
2. перан. Абдумаць, ацаніць што‑н. Паходня з брыгадзірамі ўзважыў усе магчымасці, улічыў нават кожнага падлетка, які мог быць карысны ў гэты час, каб управіцца з касьбой. Хадкевіч. Тамара не спала ўсю ноч, усё перадумала да драбніц, усё ўзважыла. Гроднеў.
узва́л, ‑а, м.
Узвышанае месца. Паляцеў з узвала старчма. □ Гелена прыпыніла рукой Арсеня, як яны ўзышлі на ўзвал, адкуль Дзвіна адкрылася вачам ва ўсёй сваёй светлай шырыні. Хадкевіч. Перада мною ўзнікла белая сцяна — вецер нагнаў у нізіну снег і ён асеў крутым узвалам. Савіцкі.
узвалака́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. узвалакаць — узвалачы.
узвалака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узвалачыся.
2. Зал. да узвалакаць.