Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узгавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑ворыцца; зак.

Разм. Разгаварыцца, пачаць гаворку. Калі раз сабраліся на вячоркі да Варанковых ды ўзгаварыліся нешта пра Піперманіху, дык Галаскокавых Агата стала спакваля пад’язджаць пад Зосю. Крапіва.

узгадава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узгадаваць.

узгадава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Разм. Выгадавацца, выхавацца, узрасці (пераважна пра людзей). Вёска Дуброўка на Уздзеншчыне, дзе нарадзіўся, узгадаваўся я, — у думках маіх стаіць, у сэрцы маім жыве, нейкай таямнічаю, чароўнаю сілаю вабіць да сябе. Бялевіч. // Вырасці. Пшаніца ўзгадавалася даўно, Ад ураджаю ломіцца гумно. Панчанка.

узгадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., каго-што.

Выгадаваць (пра людзей). Дзетак узгадаваць — не грыбоў назбіраць. Прыказка. // Выхаваць, сфарміраваць духоўна. Яго характар і асобу [Міколы Гусоўскага], бясспрэчна, узгадавала родная глеба — прырода, гісторыя і звычаі Беларусі. У. Калеснік. / у перан. ужыв. У сэрцы, у думках сваіх .. Я яе [свабоду] узгадаваў І сваёю назваў... Купала. // Вырасціць (жывёлу, расліны). Дзед .. паціху ідзе да яблынь і груш. Ён сам сваімі рукамі ўзгадаваў гэты сад. Даніленка.

узгадне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узгадняць — узгадніць.

узгадні́ць, ‑гадню, ‑годніш, ‑годніць; зак., што.

1. Прывесці ў пэўную адпаведнасць з чым‑н. Узгадніць дзеянні авіяцыі з дзеяннямі пяхоты. Узгадніць гадавы план з планамі пяцігодкі. □ Так, другі гарком камсамола створаны. Ён стаў фактам. Але мяне не пакідала думка: як узгадніць работу гэтага паўднёвага гаркома з тым паўночным, які дзейнічае ўжо не адзін месяц. Дзенісевіч.

2. Выпрацаваць адзіную думку, погляд і пад. наконт чаго‑н., атрымаць згоду, дазвол на што‑н. У палкоўніка ўжо даспяваў план, які ён павінен быў распрацаваць і ўзгадніць з генералам. Паслядовіч. Таццяна Пятроўна адказала, што такая, думка ёй спадабалася, але што трэба абавязкова ўзгадніць яе. Дубоўка.

узгадня́цца, ‑яецца; незак.

1. Прыводзіцца ў адпаведнасць з чым‑н.; быць узгодненым з кім‑, чым‑н. Сотні тысяч савецкіх патрыётаў пры самай актыўнай падтрымцы мірнага насельніцтва вялі партызанскую барацьбу, якая ўзгаднялася з аперацыямі Савецкай Арміі. «Полымя».

2. Зал. да узгадняць.

узгадня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да узгадніць.

узгадо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узгадоўваць — узгадаваць.

узгадо́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узгадавацца.

2. Зал. да узгадоўваць.