узрушыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. каго. Вельмі моцна ўсхваляваць; устрывожыць. Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Шамякін. Над .. балотам аж стогнуць канюхі. .. Узрушыў іх нехта, носяцца, выпрастаўшы крылы. Пташнікаў. Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? Колас. Песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі.

2. што. Разм. Узрыхліць, узварушыць паверхню чаго‑н. Узрушыць зямлю па градах. Вецер узрушыў гладзь возера. // перан. Пазбавіць устойлівасці, трываласці; пахіснуць. Хіба не магло так здарыцца, што сярод .. [бальшавікоў] убачылі б мы і Пуліхава, калі б толькі да дзён, што ўзрушылі свет, яму выпала дажыць!.. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)