спінінгі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Рыбалоў, які вудзіць рыбу на спінінг.
спі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш.-ласк. да спіна; спіна дзіцяці, маленькай жывёліны, насякомага. Аксамітныя спінкі пчол.
2. Апора для спіны ў крэсла, канапы, лавы і пад. Спінкі сядзенняў у аўтобусе. □ Схіліўшы цяжкую галаву на ўзорыстую спінку чыгункай лаўкі, Крысціна задрамала. Васілевіч. — Тата, — рашуча сказала Мая, — ты купі мне ў горадзе саначкі, такія маленькія, са спінкай. Добра? Краўчанка.
3. Частка адзення, якая закрывае спіну.
4. Спінная частка рыбы, якая выразаецца для вялення або вэнджання. Спінка асятра.
5. Пра тыльны бок некаторых прадметаў. Спінка шафы. // Верхняя частка некаторых вузкіх прадметаў. Спінка брытвы.
спіннамазгавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да спіннога мозга або да яго дзейнасці. Спіннамазгавыя нервы.
•••
Спіннамазгавая вадкасць гл. вадкасць.
спінны́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да спіны; які знаходзіцца на спіне, у вобласці спіны. Спінныя пазванкі. Спінныя плаўнікі.
•••
Спінная струна гл. струна.
Спінны мозг гл. мозг.
Спінны хрыбет гл. хрыбет.
спірагра́ма, ‑ы, ж.
Графічны адбітак рухаў лёгкіх у працэсе работы.
[Ад лац. spirare — дыхаць, выдыхаць і грэч. gramma — надпіс.]
спірагра́фія, ‑і, ж.
Запіс работы лёгкіх пры дапамозе спецыяльнага прыбора.
[Ад лац. spirare — дыхаць, выдыхаць і грэч. graphō — пішу.]
спіралепадо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд спіралі. Спіралепадобны дрот.
спіра́ль, ‑і, ж.
1. Незамкнутая крывая лінія, якая ўтварае шэраг абаротаў вакол пункта на плоскасці або вакол восі. Апісаць спіраль. // Лінія, кірунак такога выгляду, формы. Частку лескі абкруціце па спіралі вакол вудзільна і прапусціце пад гумавую трубку на вяршыні. Матрунёнак. // Прадмет, рэч і пад., звітыя, скручаныя па такой лініі. Спіралі плюшчу. □ Спіраль важкага каната са свістам развінулася. Самуйлёнак. // у знач. прысл. спіра́ллю. У выглядзе такой лініі. Дарога спіраллю віецца. Вялюгін.
2. Дрот ці спружына спецыяльнага прызначэння, якія маюць вінтавую форму. Паспяшаўся на палубу, а прас не выключыў. Спіраль перагарэла. Мыслівец.
3. Фігура вышэйшага пілатажу. Самалёт задрыжаў, увайшоў у крутую спіраль. Алешка.
[Ад лац. spira — выгіб.]
спіра́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Памянш.-ласк. да спіраль (у 1, 2 знач.). Спрытна хадзіў у яго руках рубанак, і тонкая стружка, завіваючыся ў залацістыя пад сонцам спіралькі, з ціхім шолахам ападала на дол. Лынькоў. З гэтых дроцікаў трэба было скруціць спіральку і пакласці на рэйку. Карпюк.
спіра́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да спіралі. Спіральная лінія. // Які мае выгляд, форму спіралі. Спіральная лесвіца. Спіральны спуск самалёта.