спіра́ль, ‑і, ж.

1. Незамкнутая крывая лінія, якая ўтварае шэраг абаротаў вакол пункта на плоскасці або вакол восі. Апісаць спіраль. // Лінія, кірунак такога выгляду, формы. Частку лескі абкруціце па спіралі вакол вудзільна і прапусціце пад гумавую трубку на вяршыні. Матрунёнак. // Прадмет, рэч і пад., звітыя, скручаныя па такой лініі. Спіралі плюшчу. □ Спіраль важкага каната са свістам развінулася. Самуйлёнак. // у знач. прысл. спіра́ллю. У выглядзе такой лініі. Дарога спіраллю віецца. Вялюгін.

2. Дрот ці спружына спецыяльнага прызначэння, якія маюць вінтавую форму. Паспяшаўся на палубу, а прас не выключыў. Спіраль перагарэла. Мыслівец.

3. Фігура вышэйшага пілатажу. Самалёт задрыжаў, увайшоў у крутую спіраль. Алешка.

[Ад лац. spira — выгіб.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)