часто́тны, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які мае адносіны да частаты (у 2 знач.), да частотнасці. Частотная характарыстыка.
2. Заснаваны на выкарыстанні змен частаты ваганняў. Частотнае рэле. Частотны дэтэктар.
•••
Частотны слоўнік гл. слоўнік.
часту́нак, ‑нку, м.
Разм. Тое, што і пачастунак. Спрабавалі ў печы новай Праверыць цягу і спячы На стрыжкі — смаляным карчы Усім частунак адмысловы. Танк. Мёд салодкі — дзецям частунак. Хведаровіч.
часту́шачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да частушкі, уласцівы ёй. Частушачныя мелодыі. □ Галасістыя, бадзёрыя, .. [начлежныя песні] былі на адзін частушачны лад. Кавалёў.
часту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Кароткая, звычайна чатырохрадковая песня жартаўлівага або сатырычнага зместу; прыпеўка. — Ціха ты, — шэптам адказаў баец. — Не ведаеш? Дзям’ян Бедны чытае свае новыя чырвонаармейскія частушкі. Машара.
ча́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Размешчаны блізка адзін каля другога. На полі бабкі частыя Пасталі ў чараду. Астрэйка. Так што бацькавіцкім закаханым ёсць куды пайсці летнім вечарам, калі на небе высыплюць частыя зоркі, а хітраваты круглы месяц пачне ўсміхацца са сваёй вышыні. Навуменка. // Які ідзе, адбываецца, паўтараецца праз кароткія прамежкі часу. Суха хлопнулі частыя стрэлы. Лынькоў. Частыя, хоць і невялікія дажджы заміналі сушыць сена. Чарнышэвіч. // Які бывае дзе‑н., наведвае каго‑н. праз невялікія прамежкі часу. Часты наведвальнік. □ [Гаспадыня:] — Давайце вып’ем за вашу сустрэчу. Каб не апошняя яна была, каб Пеця быў частым госцем га гэтым сталом... Шамякін.
2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін каля аднаго аднародных прадметаў, частак, часцінак; густы. Часты грэбень. Часты дождж. □ Лес тут стаяў часты і высокі. Лобан. // Шчыльна сплецены, сатканы. Частае рэшата. □ Столькі звязалі рукі мае перавяслаў, Столькі звязалі мярэжаў частых, Столькі звязалі вянкоў для зрубаў... Кляўко.
3. Які складаецца з хуткіх рухаў, гукаў і пад., якія ідуць адзін за адным. У кароткіх паўзах чулася частае дыханне дыктара. Беразняк. Белым полем, крокам частым, Хто насустрач мне бяжыць? Гілевіч.
часуча́, ‑ы, ж.
Шчыльная шаўковая тканіна палатнянага перапляцення.
[Кіт.]
часучо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да часучы. Часучовая вытворчасць. Часучовы цэх. // Зроблены з часучы. Часучовы гарнітур. □ Сакалоў, апрануты ў белыя часучовыя штаны і блакітную майку, ляжаў на спіне, падаслаўшы пад сябе газету. Васілевіч.