часты, ‑ая, ‑ае.
1. Размешчаны блізка адзін каля другога. На полі бабкі частыя Пасталі ў чараду. Астрэйка. Так што бацькавіцкім закаханым ёсць куды пайсці летнім вечарам, калі на небе высыплюць частыя зоркі, а хітраваты круглы месяц пачне ўсміхацца са сваёй вышыні. Навуменка. // Які ідзе, адбываецца, паўтараецца праз кароткія прамежкі часу. Суха хлопнулі частыя стрэлы. Лынькоў. Частыя, хоць і невялікія дажджы заміналі сушыць сена. Чарнышэвіч. // Які бывае дзе‑н., наведвае каго‑н. праз невялікія прамежкі часу. Часты наведвальнік. ▪ [Гаспадыня:] — Давайце вып’ем за вашу сустрэчу. Каб не апошняя яна была, каб Пеця быў частым госцем га гэтым сталом... Шамякін.
2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін каля аднаго аднародных прадметаў, частак, часцінак; густы. Часты грэбень. Часты дождж. ▪ Лес тут стаяў часты і высокі. Лобан. // Шчыльна сплецены, сатканы. Частае рэшата. ▪ Столькі звязалі рукі мае перавяслаў, Столькі звязалі мярэжаў частых, Столькі звязалі вянкоў для зрубаў... Кляўко.
3. Які складаецца з хуткіх рухаў, гукаў і пад., якія ідуць адзін за адным. У кароткіх паўзах чулася частае дыханне дыктара. Беразняк. Белым полем, крокам частым, Хто насустрач мне бяжыць? Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)