чараўні́ца, ‑ы, ж.
1. Жан. да чараўнік (у 1, 2 знач.).
2. перан. Пра незвычайна прыгожую жанчыну. [Лабановіч:] — Я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.
чараўні́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чараўніцтва.
2. Знахарскі.
чараўні́цтва, ‑а, н.
1. Сіла, дзеянні чараўніка; вядзьмарства; чары. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці, Аб розных хітрасцях і зман[е]. Колас.
2. Знахарства. Найчасцей знаходзім адзнакі каля канкрэтных апісанняў замоў, чараўніцтва і розных дробных забабонаў. «Полымя».
чараўні́часць, ‑і, ж.
Уласцівасць чараўнічага (у 2 знач.).
чараўні́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з чараўніцтвам; чарадзейны. У той час .. [Скарына] не мог вызваліцца ад рэлігійных уяўленняў аб прыродзе, аб сутнасці самога чалавека, аб духах, чараўнічых сілах і г. д. Алексютовіч. Гаспадыня паспешна накрыла на стол, на ім, як па ўзмаху чараўнічай палачкі, з’явіліся талеркі з мясам, белым хлебам. Пятніцкі. На другі дзень цар устаў, паглядзеў у сваю чараўнічую кнігу. Якімовіч.
2. перан. Які зачароўвае, захапляе, прыносіць асалоду; чароўны. Усё гэта чараўнічае і любае людскому слыху шматгалоссе зліваецца ў адну мелодыю, у нейкі своеасаблівы ўрачысты гімн працы. Мыслівец. Але той, хто наведаў хоць раз Чараўнічыя нашы мясціны, Не забудзе ніколі ён нас — Край блакітны і нашу гасціннасць. Пруднікаў.
чара́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Навесці кароткі моцны ўдар. // Ударыць, моцна стукнуць па чым‑н. Як пушчалка з прашчы, з густога натоўпу мільгануў камень і чарахнуў булахоўцу ў галаву. Машара. // Стрэліць кароткай чаргой з аўтаматычнай зброі. Яшчэ разоў колькі пачулася «Пароль?» і «Браўншвайг», а потым той, што падняў партызанскі кінжал, .. не стрываў: замест адказу, чарахнуў з аўтамата. Брыль.
2. Хутка адрэзаць (выразаць) кавалак чаго‑н. [Міхась] імгненна дастаў з кішэні маленькія нажнічкі і чарахнуў у Валі добрую пасму мяккіх валасоў каля вуха. Няхай. // Разануць чым‑н. вострым. Чарахнуць нажом па пальцах.
чараці́на, ‑ы, ж.
Адна сцябліна чароту. А цяпер на берагах возера .. прабіліся праз зямлю вострыя чараціны і па спакойнай вадзяной гладзі сноўдаюць рыбацкія чаўны. Броўка. Клім час ад часу падганяў.. [каня] сухой чарацінай. Кулакоўскі.
чараці́т, ‑у, М ‑ціце, м.
Спец. Будаўнічы матэрыял з чароту, спрасаванага ў пліты з дабаўленнем гліны, гіпсу і пад.
чараці́тавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да чараціту. // Прызначаны для вырабу чараціту. Чарацітавы завод.
чараця́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Пеўчая птушка атрада вераб’іных, якая жыве ў чароце і ўзбярэжных кустах. Няспынна трашчаць у арэшніку чарацянкі. Ігнаценка.