Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

схематызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Падаць (падаваць)3 апісаць (апісваць), паказаць (паказваць) што‑н. у схематычным адцягнена-спрошчаным выглядзе, у агульных рысах. Скажуць: мы схематызуем вобраз, мы адрываем інтымнае жыццё чалавека ад яго грамадскай сутнасці. Думаем, што такія закіды не маюць пад сабой ніякай падставы. Бярозкін.

схематыза́тар, ‑а, м.

Той, хто схільны да схематызму.

схематыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. схематызаваць.

схематы́зм, ‑у, м.

Спрошчанасць, трафарэтнасць у мысленні, у адлюстраванні чаго‑н. Адышоўшы ад схематызму і плакатнасці, беларуская літаратура выкрывала кулака ўжо не карыкатурна-гратэскна, а ў мнагагранным паказе яго ўнутранага аблічча, яго псіхалогіі. Перкін.

схематы́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць схематычнага. Схематычнасць апісання.

схематы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўяўляецца схемай, нагадвае схему (у 1 знач.). Схематычная зарысоўка кругавароту вады.

2. Паказаны ў агульных рысах, у спрошчаным выглядзе. Даследчык шчасліва пазбягае схематычнага, апрыёрнага падыходу да канкрэтных літаратурных з’яў. Ярош.

схе́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да схемы (у 1 знач.).

схі́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак.

Разм.

1. Не трапіць у цэль, прамахнуцца. Першы стрэл жандара немінуча зваліў бы каня, і першы стрэл мог быць смяротны для яго, Мусатава, калі ў адказ грымнуць пісталеты ворага. Гэты не схібіць. Караткевіч. А я ўсё-такі не ведаў, ці насмерць забіў таго гада. А мо толькі параніў? Вельмі ж хваляваўся, рука магла схібіць. Сабаленка. [Лапецька:] — Паляванне — спорт для маладых і дужых. Дык не,.. [дзядзька Ціхон] яшчэ поўзае, пнецца давесці, што яго вока не схібіць. Паслядовіч.

2. перан. Зрабіць промах; памыліцца. [Зайчык] насцярожыўся, падрыхтаваўся, каб не схібіць, не пралічыцца. Мележ. У свядомасці цюкнула думка, што схібіць цяпер нельга інакш яны абодва загінуць. Быкаў.

схі́зма, ‑ы, ж.

Раскол, раздзел цэркваў (пераважна пра раздзел царквы праваслаўнай і каталіцкай).

[Ад грэч. schisma.]

схізма́тык, ‑а, м.

Той, хто належыць да схізмы; раскольнік.