Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спіртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Спец. Рабіць спіртаванне. Спіртаваць віно.

спіртавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да спірту. Пах .. [перапрэлага лісця] перамешваецца са спіртавым духам дуба і гаркаватым — асіны. Мележ. // Зроблены са спірту, са спіртам. Спіртавыя лакі. // Які дзейнічае пры дапамозе спірту. Спіртавы тэрмометр. Спіртавая лямпа. // Які мае адносіны да вырабу спірту. Спіртавы завод. Спіртавая прамысловасць.

•••

Спіртавое браджэнне гл. браджэнне.

спіртаме́р, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння моцнасці спіртавых раствораў.

спіртзаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Завод па вырабу спірту. [Кульгавы:] — Паслалі ў вёску. Там спіртзавод быў. Мяне на гэты завод і прызначылі. Чыгрынаў.

спіртны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да спірту. Ад конніка .. патыхала моцным спіртным перагарам. Лынькоў. // Які змяшчае ў сабе спірт, робіцца са спіртам; алкагольны. Спіртныя напіткі.

2. у знач. наз. спіртно́е, ‑ога, н. Разм. Гарэлка, а таксама іншыя алкагольныя напіткі. Змітрок паглядзеў на багаты касцюм Ігара, па сіні ад частага ўжывання спіртнога твар і адказаў: — Здорава, відаць, жывеш! Ваданосаў.

спірто́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і спіртавы.

спірто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Спіртавая лямпа. — Што ж, будзем лячыць, — сказала Алаіза, вымаючы з клунка банкі, спіртоўку. Арабей.

спіры́т, ‑а, М ‑рыце, м.

Той, хто верыць у магчымасць зносін з душамі памёршых; той, хто займаецца спірытызмам.

спіры́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да спірыт.

спірытуалі́зм, ‑у, м.

Ідэалістычнае філасофскае вучэнне, паводле якога дух (душа) — першааснова свету.

[Ад лац. spiritualis — духоўны.]