спра́жыцца, ‑жыцца; зак.
Стаць гатовым у выніку пражання. Мы [салдаты] стаім на каленках супроць печы і чакаем, пакуль спражыцца на вячэру гарох. Галавач.
спра́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
Падсмажыць пераважна без тлушчу і вады. Спражыць гарох.
спражэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спрагаць 2.
2. Змяненне дзеясловаў па асобах, ліках і часах. Формы спражэння.
3. Група дзеясловаў, якія маюць аднолькавыя формы змянення. Першае спражэнне. Другое спражэнне.
спрактыкава́насць, ‑і, ж.
Вопыт, практычныя веды ў якой‑н. галіне. Кожны з хлопцаў адчуў у гэтым позірку прафесійную спрактыкаванасць. Вітка. // Жыццёвы вопыт; веданне жыцця. [Зоська] нават своеасаблівым парадкам давала ацэнкі некаторым справам і людзям. Тут яна выявіла сталую спрактыкаванасць. Чорны.
спрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вопыт, практычныя веды ў якой‑н. галіне. Гэта быў стары спрактыкаваны паравознік, адзін з тых, пра каго кажуць: «Ну, гэты сабаку з’еў у сваёй справе!» Васілёнак. [Кляпнёў:] — Прашу! — і рухам спрактыкаванага падавальшчыка кінуў паднос на столік, паставіў пляшку. Шамякін. На чале груп стаялі спрактыкаваныя ў ваенных справах людзі. Колас. // Бывалы, умудроны жыццём. Драпеза быў ужо спакойны, і ў апошніх словах чуліся нават павучальныя ноткі чалавека бывалага і спрактыкаванага. Паслядовіч. Але спрактыкаваныя бацькі, як ні шкода было дзяцей, не згадзіліся ляцець наўздагон за імі. Пальчэўскі. // Пра рукі, вочы і пад. чалавека, які мае вялікі працоўны або жыццёвы вопыт. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнкі і пачала забаўляць. Даніленка. Скрыгануўшы каўшом аб нешта цвёрдае, Грыша спрактыкаваным вокам вызначыў, што гэта стары падмурак. Кавалёў.
спрактыкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.
1. Набыць вопыт, навык. — А раз чалавек любіць сваю справу і стараецца — у яго заўсёды выйдзе. Ён і веды набудзе, і спрактыкуецца. Дуброўскі.
2. Даведацца на практыцы. — То што, — сказаў дзядзька Язэп, — не заўсёды .. [сівагракі] прылятаюць перад холадам, я не спрактыкаваўся, каб яны .. паказвалі холад. Чорны.
спраку́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм.
1. Схібіць, учыніць што‑н. непажаданае, дрэннае. [Аўлас:] — Ведама, .. гаспадар быў. Не тое, што бясхлебнік які, а гаспадар! Калі што якое, калі б прыйшлося і спракудзіўся — ён гаспадаркай сваёй мог выручыцца. Баранавых.
2. Дапусціцца да ліха, праштрафіцца. Бяда ўжо надыходзіла, бо трэба было .. [Эльзу] да шлюбу весці барзджэй, затое, што дапусцілася да ліха .. Спракудзілася дзеўка. Гарэцкі.
спраку́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Разм.
1. Насваволіць, нагарэзнічаць, надзівачыць.
2. каму. Надакучыць, абрыдаць. [Фрося:] — Чужыя мы з табой, Мацей. Хочаш, гневайся, хочаш — не, спракудзіў мне ты... Пальчэўскі.
спрамяне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. спрамяняць — спрамяніць і спрамяняцца — спрамяніцца.