Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пярэ́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пярэстага (у 1, 2 знач.). На нагах такая пярэстасць, быццам тут сабралі выстаўку стаптанага абутку. Новікаў.

пярэстатка́ны, ‑ая, ‑ае.

Сатканы, вытканы з пражы рознага колеру для асновы і ўтку. Пярэстатканы дыван.

пярэ́ступ, ‑у, м.

Спец. Шматгадовая павойная ядавітая расліна сямейства гарбузовых.

пярэ́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, паверхня якога пакрыта плямамі, палосамі рознага колеру, які складаецца з чаго‑н. пафарбаванага ў розныя колеры; стракаты, рознакаляровы. Пярэсты дыван. Пярэстая тканіна. □ Марынка была ў шэрай вязанай кофтачцы, надзетай паверх сіняй, паношанай ужо сукенкі, на галаве — пярэстая хустачка, ражкі якой былі завязаны пад падбародкам. Хадкевіч. Вясною захапляюся ўсім: Зялёны бор шуміць над галавой, У новым гомане пярэстыя палі. Броўка.

2. перан. Неаднолькавы па свайму складу; мяшаны, неаднародны. У асноўным жа часопіс [«Трыбуна мастацтва»] налягаў на рэкламу пярэстага рэпертуару тых часоў, даваў разнастайную інфармацыю. Ліс.

3. З вялікімі плямамі, крапінамі; плямісты (пра масць жывёл). [Вінцук] адчыніў хлеў. Адтуль паважна выйшла пярэстая Рагуля, за ёй малодшая чорная Ліпка, а потым выскачыла сёлетняя цялушачка Зорка. Чарнышэвіч. У Хведаравых быў пярэсты — чорны з белым конь: ён кульгаў на адну нагу і кусаўся. Адамчык.

пярэ́сціна, ‑ы, ж.

Разм. Вялікая пляма другога колеру на шэрсці жывёлы, пер’і птушак. На плоце, што адгароджваў гэты двор ад вуліцы, стаяў на моцных шышкаватых нагах прыгожы і магутны певень — шыза-чырвоны, з доўгімі залацістымі пярэсцінамі на шыі. Чыгрынаў.

пярэ́сціцца, ‑ціцца; незак.

Тое, што і пярэсціць ​1 (у 3 знач.). Рознакаляровыя хусткі і шапкі блішчаць на сонцы, пярэсцяцца, нібы невядомыя расліны на дзівосным полі. Бядуля.

пярэ́сціць 1, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

1. што. Рабіць пярэстым, надаваць чаму‑н. пярэсты выгляд. Светлыя пасмы, як шоўкавыя істужкі, усюды весела пярэсцілі цяністы прыцемак лесу. Мележ. Цені выцягваліся, раслі, пярэсцілі і ўкрывалі сабою невялікія круглыя лужкі. Сачанка.

2. звычайна безас. Пра адчуванне пярэстасці, мітусні (у вачах). Нарэшце балота кончылася. Густы бярэзнік падымаўся некуды ўгару. Ад белых ствалоў пярэсціла ўваччу. Асіпенка. За вокнамі вагона мільгалі — аж пярэсціла ў вачах — тэлеграфныя слупы, чыгуначныя будкі. Сабаленка. Збажына калыхалася ад лёгкага подыху ветру і пярэсціла ў вачах. Сіўцоў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваёй пярэстасцю сярод чаго‑н. Дзе-нідзе на выгане пярэсцяць рознай велічыні лужыны. Бядуля. // чым або ад чаго. Быць пярэстым ад чаго‑н. Уся сцяна, у даўжыню, пярэсціла дзявочымі фотакарткамі. Ракітны.

пярэ́сціць 2, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.

Разм. Моцна біць. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Потым выняў з-пад крыса п[о]пліску, паказаў пану і пытаецца: — Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла! І пачаў пярэсціць пана... Якімовіч.

пярэ́хрыст, ‑а, М ‑сце, м.

Уст. Пра таго, хто перайшоў у хрысціянства з другой рэлігіі.

пярэ́ціск, ‑у, м.

Спец. Значнае звужэнне руданоснай жылы.

пярэ́чанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пярэчыць; заява аб нязгодзе з чым‑н. Ідэя стварэння адзінага аператыўнага кіраўніцтва атрадамі таксама не сустрэла пярэчанняў. Казлоў. [Варончык] першым выйшаў, падкрэсліўшы гэтым, што размова закончана і пярэчанняў быць не можа. Кавалёў.

2. Доказ таго, хто пярэчыць. Ён хоць і заходзіў сюды разам з Гаем, але не вельмі соваўся са сваімі пярэчаннямі і ініцыятывай. Машара.