Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

плятка́р, плеткара, м.

Той, хто любіць пляткарыць. Хочацца голасна сказаць усім гэтым плеткарам, што яны лгуць, брэшуць! Колас.

плятка́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да пляткар.

плятка́рства, ‑а, н.

Распаўсюджванне плётак ​2. Цудоўны быў ён чалавек, Пляткарства не любіў. Лойка. Каго абвінавачваць у пляткарстве? Гэткага яшчэ ніколі не было. Міхась прывык толькі да пахвальбы. Ваданосаў.

плятка́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Рабіць, разносіць плёткі ​2. [Гарлахвацкі:] Чорт знае што! З вуліцы зброд ўсялякі лезе ў кабінет. Пляткараць, распуснічаюць. Крапіва.

пляц, ‑а, м.

1. Зямля пад сядзібай, сядзіба. Вадап’ян усімі сродкамі стараецца барзджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. [Валодзя:] — Мы ж засеялі шэсцьдзесят сотак, наш асабісты пляц, што калгас даў. Федасеенка.

2. Вялікая незабудаваная тэрыторыя ў горадзе або вёсцы, прызначаная для якой‑н. мэты. На пясчаным пляцы перад будынкам вакзала гамана і крык. Навуменка. Жывой гамонкай да світання Пляцы і вуліцы гулі. Астрэйка. З завулка .. [Круміньскі] хутка трапіў на маўклівы і гразкі пляц гарадскога рынку, перайшоў яго наўскасяк і апынуўся перад патрэбным яму домам. Галавач.

3. Гіст. Плошча для ваенных парадаў і страявых заняткаў. Па ўсяму пляцу салдаты займаліся страявой падрыхтоўкай. Хомчанка. А там далей, праз раку, — пляц, дзе гарматны свінец касіў надзею маладой Расіі, яе сумленне — дзекабрыстаў. Ліс.

[Ням. Platz.]

пляце́льшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца пляценнем чаго‑н. Пляцельшчык кашоў.

пляце́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да пляцельшчык.

пляце́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плесці.

2. Спосаб злучэння нітак, сцяблін і інш. палос эластычнага матэрыялу. Карункавае пляценне. / у вобразным ужыв. На мокрых шыбінах, залепленых знадворку снегам, прыгожымі, дзівоснымі пляценнямі іскрыцца святло ад лямпы. Галавач.

пляце́нь, плятня, м.

Агароджа з пераплеценых тонкіх галін. Высокі лазовы пляцень, якім з усіх бакоў абгароджаны цесны дворык, здаўся Шыковічу крапасной сцяной, за якой нехта як бы хацеў схавацца ад людзей і свету. Шамякін. Лежачы за плятнём, Лявонка трывожна пазіраў на дашчаныя вароты, за якімі зніклі сябры. Жычка.

пляцёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Што‑н. сплеценае ўдоўж з двух, трох і больш пасмаў, кавалкаў і пад. У кожнае гаспадыні наплецена больш чым па дзесятку пляцёнак цыбулі. Палтаран. Пасярод вёскі чалавек спыніўся. Узмахнуў абапал грудзей пугавішчам — і змяёй узвілася ўгору пляцёнка, жаласна прысвіснула, рассякаючы паветра, і, зламаўшыся маланкай, пляснула аглушальным стрэлам. Хадановіч. — Чаго ты стаіш, як вартавы? — сказала.. [Міхаліна], закідаючы пляцёнку валасоў назад. — Чаму ты не танцуеш? Грамовіч.

2. Плеценая кашолка. Усе гэтыя рэчы я акуратна ўпакаваў у дарожную пляцёнку і ў поўдзень сеў на цягнік. Лупсякоў. І, урэшце, з гушчыні лесу на ягадную паляну пры дарозе выйшла маладзіца з пляцёнкай за плячыма і прывязаным да хвартуха збанком. Пестрак.

3. Падоўжаная вітая белая булка. Апрача зусім непатрэбных бохана пытляванага хлеба і пляцёнкі .. [Міхал] купіў Лёдзі пірожнае. Карпаў.

4. Асобы выраб тканіны; ткацкі рысунак.