пляцёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Што‑н. сплеценае ўдоўж з двух, трох і больш пасмаў, кавалкаў і пад. У кожнае гаспадыні наплецена больш чым па дзесятку пляцёнак цыбулі. Палтаран. Пасярод вёскі чалавек спыніўся. Узмахнуў абапал грудзей пугавішчам — і змяёй узвілася ўгору пляцёнка, жаласна прысвіснула, рассякаючы паветра, і, зламаўшыся маланкай, пляснула аглушальным стрэлам. Хадановіч. — Чаго ты стаіш, як вартавы? — сказала.. [Міхаліна], закідаючы пляцёнку валасоў назад. — Чаму ты не танцуеш? Грамовіч.
2. Плеценая кашолка. Усе гэтыя рэчы я акуратна ўпакаваў у дарожную пляцёнку і ў поўдзень сеў на цягнік. Лупсякоў. І, урэшце, з гушчыні лесу на ягадную паляну пры дарозе выйшла маладзіца з пляцёнкай за плячыма і прывязаным да хвартуха збанком. Пестрак.
3. Падоўжаная вітая белая булка. Апрача зусім непатрэбных бохана пытляванага хлеба і пляцёнкі .. [Міхал] купіў Лёдзі пірожнае. Карпаў.
4. Асобы выраб тканіны; ткацкі рысунак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)