Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.

1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў. Бялевіч. Бацька біў каменне велізарным молатам. Чорны.

2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся. Навуменка. У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан. Шамякін.

3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.

•••

Серп і молат гл. серп.

Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).

молатападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму молата; падобны на молат (у 1 знач.).

мо́латы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад малоць.

2. у знач. прым. Размолаты, змолаты. Молатыя сухары.

мо́лат-ры́ба, молат-рыбы, ж.

Рыба сямейства молатагаловых акул.

мо́левы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да моля ​2, звязаны з ім. Молевы сплаў.

молепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на моль ​1.

моль 1, ‑і, ж.

1. Вельмі малы матылёк атрада лускакрылых, вусень якога нішчыць шарсцяныя тканіны, збожжа і інш. Чалавек сеў насупраць. Шапкі не зняў. Расшпіліў паліто з добрага драпу, але моцна пабітае моллю — недзе доўга ляжала. Шамякін.

2. перан. Аб чым‑н. вельмі малым.

моль 2, ‑я, м.

Спец.

1. Лес, які сплаўляецца па рацэ ўрассыпную, асобнымі бярвеннямі, не звязанымі ў плыт.

2. у знач. прысл. мо́лем. Урассыпную. Сплаўляць лес молем.

моль 3, ‑я, м.

Спец. Колькасць грамаў хімічнага рэчыва, роўная малекулярнай масе.

мо́льбішча, ‑а, н.

Месца рэлігійных маленняў і ахвярапрынашэнняў язычнікаў.

мо́мант, ‑у, М ‑нце, м.

1. Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, міг. На нейкі момант у пакоі запанавала цішыня. Шыловіч. Адзін момант — і першая лінія службы дзесяткамі зоркіх вачэй і чуткіх вушэй заблакіравала граніцу. Брыль. // чаго. Адрэзак часу, калі пачынаецца нейкае дзеянне, з’ява. Момант спаткання. Момант зацішша.

2. Пэўны прамежак часу, этап у гісторыі, развіцці чаго‑н., у жыцці каго‑н. Паэт [Колас] не прапусціў ніводнага больш-менш значнага моманту з жыцця і працы селяніна. Навуменка. Бывае, што нечакана светлы момант узнагароджвае чалавека за многія гады пакут. Кулакоўскі.

3. Частка, элемент, асобны бок якой‑н. з’явы. На мастацкіх палатках адлюстраваны моманты з працоўнай дзейнасці і адпачынку працоўных. «Беларусь».

4. Спец. Матэматычнае паняцце, якое адыгрывае значную ролю ў механіцы і тэорыі імавернасцей. Момант інерцыі. Момант сілы.

•••

Бягучы момант — сучасны, цяперашні момант.

Магнітны момант — асноўная велічныя, якая характарызуе магнітныя ўласцівасці рэчыва.

На момант — на імгненне; вельмі коратка.

У адзін момант — тое, што і у адзін міг (гл. міг).

[Лац. momentum.]

мона... (а таксама мана...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «адно», «адзіна», напрыклад: монатэізм, монакультура.

[Ад грэч. mónos — адзін.]