Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

медзведзява́тасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць медзведзяватага. Медзведзяватасць рухаў.

медзведзява́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Падобны чым‑н. на мядзведзя; непаваротлівы. Іван наогул не танцуе, нязграбнага, медзведзяватага, яго нават нельга ўявіць у танцы. Марціновіч.

медзведзяня́ і медзведзянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня мядзведзя.

медзеплаві́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да выплаўкі медзі. Медзеплавільная вытворчасць. // Прызначаны для выплаўкі медзі. Медзеплавільная печ.

медзеплаві́льшчык, ‑а, м.

Рабочы медзеплавільнага завода.

ме́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Які ўтрымлівае медзь. Медзістыя сланцы.

медзь, ‑і, ж.

1. Хімічны элемент, метал чырванаватага колеру, вязкі і коўкі. // перан. Пра колер, які нагадвае колер медзі; чырвона-жоўты. Асенніх лісцяў плаўленая медзь кладзецца, астываючы, пад ногі. А. Вольскі. А неба звінела дубамі І сыпала медзь жалудоў. Пысін.

2. зб. Вырабы з гэтага металу. Не трубіў на зары гарніст, Не грымела аркестраў медзь. Панчанка.

3. зб. Разм. Медныя грошы.

медзякі́, ‑оў; адз. мядзяк, медзяка, м.

Медныя манеты, грошы. Даў .. [аканом Сцёпку] глеба, сала, цэлую жменю медзякоў і выправіў у дарогу. Якімовіч.

медзяні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. У склад якога ўваходзіць медзь. Медзяністая сажа.

2. Падобны колерам на медзь. Медзяністы колер.

медзяні́ца, ‑ы, ж.

Тое, што і лістаблошка.