веліча́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. велічаць (у 1 знач.).
2. Уст. Віншаванне песнямі.
веліча́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да велічаць.
веліча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
1. Называць па імені і па бацьку, па званню і пад. Памочнік саліднага дзядзькі ўважліва і пільна паглядзеў на зайшоўшага чалавека і вельмі сур’ёзна пацікавіўся, як падарожнага завуць-велічаюць. Вірня.
2. Уст. Віншаваць песнямі.
ве́лічнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць велічнага. Урачыстай велічнасцю і патаемнасцю павявала ад начнога неба. Чарнышэвіч.
ве́лічны, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны велічы (у 2 знач.), урачыстасці; грандыёзны. Велічная мэта. Велічны помнік. Велічная дэманстрацыя. □ Плынь ракі, як заўсёды, была спакойная і велічная. Шамякін. У натхнёным, У велічным гімне неабсяжная наша зямля. Вітка. Велічныя капры ўзвышаюцца над усім наваколлем, і толькі новая тэлевізійная вышка можа трохі раўняцца з імі. Кулакоўскі.
2. Важны, горды; поўны ўласнай годнасці. Велічная поза. □ Цётка Палашка.. кідала велічны позірк на сваіх падначаленых. Лынькоў.
велічыня́, ‑і; мн. велічыні, ‑чынь; ж.
1. Памер, аб’ём, працягласць чаго‑н. Стол сярэдняй велічыні. □ Знадворку.. хата сапраўды мела.. прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Звер гэты быў незвычайнае велічыні. Колас.
2. Колькасць чаго‑н.; сума; лік. Велічыня зарплаты. Велічыня асігнаванняў.
3. Спец. Усё тое, што можна вымераць, злічыць. Пастаянная велічыня. Зменная велічыня. Натуральная велічыня. Абсалютная велічыня.
4. перан. Пра што‑н. выдатнае ў тых ці іншых адносінах. Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Васілевіч.
велічэ́знасць, ‑і, ж.
Уласцівасць велічэзнага. Велічэзнасць балотнага масіву сапраўды выратоўвала партызан. Кавалёў.
велічэ́зны, ‑ая, ‑ае.
Надзвычай вялікі; велізарны. За лугам, за лесам ляжаў, нібы астываючы, велічэзны шар сонца. Гамолка. На месцы барака і ўглыб вуліцы вырас велічэзны хімічны завод. Чорны.
вельбо́т, ‑а, М ‑боце, м.
Лёгкая быстраходная вёславая лодка з вострым носам і кармою, прызначаная для выкарыстання на марскіх промыслах.
[Англ. whale-bot.]
вельве́т, ‑у, М ‑веце, м.
Баваўняная тканіна з густым стаячым ворсам, падобная на аксаміт.
[Англ. velvet — аксаміт.]