Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бу́рбалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Паветраны шарык у вадзе або іншай вадкасці. Дарожка, буйных светлых бурбалак, якая з’явілася на паверхні, сведчыла, што на гэты раз бабёр паплыў пад вадой на сярэдзіну ракі. В. Вольскі. Буйны, як боб, град назойліва барабаніў па аканіцах, падымаў бурбалкі ў перапоўненым вадою раўчуку, што перасякаў двор. Бажко.

бурбо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

Разм. Узнімаць, пускаць бурбалкі; булькаць. Шаройка ўскочыў у пакой з вялікай патэльняй у руках, на якой злосна сіпела і бурболіла яешня. Шамякін.

бургамі́старскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бургамістра. Бургамістарская пасада.

бургамі́стр, ‑а, м.

Начальнік гарадской управы ў некаторых краінах Еўропы і ў 18–19 ст. у Расіі.

[Ням. Bürgermeister.]

бурда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм. пагард. Дрэнна прыгатаванае, нясмачнае пітво або рэдкая (вадкая) ежа; баланда. Калі ўсе з Шуравага вагона атрымалі па порцыі бурды, немец зазірнуў у вагон, ці ўсе выйшлі. Ставер.

бурдзю́к, ‑а, м.

Мяшок са скуры жывёлы для захоўвання і перавозкі віна і іншых вадкасцей. [Зульфія:] — Яму [Мухтэру] дужа некалі. Ён шые новы бурдзюк. Васілёнак.

[Цюрк.]

бурдзю́чны, ‑ая, ‑ае.

Які захоўваецца ў бурдзюку. Бурдзючнае віно.

буржуа́, нескл., м.

Прадстаўнік класа буржуазіі. Ліберальныя буржуа зусім не мелі на ўвазе выступаць супраць самадзяржаўя. «Полымя».

[Фр. bourgeois.]

буржуазі́я, ‑і, ж.

1. Пануючы клас капіталістычнага грамадства, які з’яўляецца ўласнікам прылад і сродкаў вытворчасці і жыве капіталістычным даходам, атрымліваючы прыбавачную вартасць эксплуатацыяй наёмнай працы. З усіх класаў, якія процістаяць цяпер буржуазіі, толькі пралетарыят прадстаўляе сабой сапраўды рэвалюцыйны клас. Маркс і Энгельс.

2. У феадальным грамадстве — саслоўе гараджан.

•••

Дробная буржуазія — дробныя ўласнікі, якія валодаюць сродкамі вытворчасці і карыстаюцца наёмнай працай у нязначнай ступені або зусім не карыстаюцца ёю.

[Фр. bourgeoisie.]

буржуа́зна-дэмакраты́чны, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы буржуазнай дэмакратыі.