Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

басту́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад баставаць.

2. у знач. наз. басту́ючы, ‑ага, м. Удзельнік забастоўкі. Збор сродкаў у фонд бастуючых.

3. Дзеепрысл. незак. ад баставаць.

бастыён, ‑а, м.

Даўняе ўмацаванне ў выглядзе пяцівугольніка, якое будавалася па вуглах агароджы крэпасці. Пакланюся бастыёнам Брэсцкай крэпасці суровай, Гераічныя імёны Ўспомню светлым, шчырым словам. Панчанка. / у перан. ужыв. Савецкі Саюз — бастыён міру. □ Даўно на мірным фронце ты і ён, І я таксама на сваім заданні: Штурмую паэтычны бастыён. Смагаровіч.

[Фр. bastion.]

бастыённы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бастыёна. Бастыённая сістэма.

басурма́н, ‑а, м.

1. Уст. Пра чалавека іншай веры, пра іншаземца. [Поп:] — Ах, басурман! Ах, паразіт скажэнны! Як ты асмеліўся так спаганіць сан Свяшчэнны? Валасевіч.

2. Лаянк. Пра несумленнага чалавека. — Не хочуць, басурманы, памагчы, — сказаў.. [Мялешка] з лёгкай усмешкай, якая, відаць, была знакам ветлівасці да Судакова. Радкевіч.

басурма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да басурман.

басурма́нскі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да басурмана. Басурманская вера.

басці́, бадзе; незак., каго-што чым.

Тое, што і бадаць.

басці́ся, бадзецца; незак.

Тое, што і бадацца.

басэ́тля, ‑і, ж.

Разм. Беларускі народны смычковы музычны інструмент нізкага рэгістру, кантрабас. Зварыла вясна прываротнае зелле. Без бубна было, без басэтлі вяселле. Зарыцкі.

бася́к, ‑а, м.

1. Прадстаўнік дэкласаваных слаёў насельніцтва ў капіталістычным грамадстве.

2. Разм. лаянк. Нягоднік, гарэза, свавольнік. [Халімон:] — Ён, гэты басяк, пада мной кпіны строіць. Чакай жа, я табе пакажу! Галавач.