баранава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.
1. Разрыхляць бараной зямлю. Прыйдзе вясна, трэба баранаваць, культываваць зябліва. Пестрак. // Апрацоўваць пры дапамозе бараны ўсходы пасеянага, пасаджанага. Яшчэ зусім нядаўна Коля працаваў на гэтых палетках: выбіраў і ссыпаў у капцы бульбу, а пасля і жыта баранаваў. Якімовіч.
2. Разм. Пакідаць баразну, след (пра што‑н., што можа драпаць). Жэрдка баранавала зямлю. □ Антось Байбак нават пайшоў у скокі і баранаваў пясок на вуліцы старымі ботамі. Колас.
•••
Баранаваць нагамі — валачыць ногі (пра п’янага).
баране́са, ‑ы, ж.
Жонка ці дачка барона. А старая баранеса, якую ўсе паважалі за яе знатнасць і вядомасць, нават наведала брата і пасля прысылала яму букеты кветак з сваёй вялікай аранжарэі. Лынькоў.
баране́т, ‑а, М ‑неце, м.
Дваранскі тытул у Англіі, які займае прамежкавую ступень паміж ніжэйшым і вышэйшым дваранствам. // Асоба, якая мае гэты тытул.
бара́ніна, ‑ы, ж.
Мяса барана ці авечкі. Плоў з баранінай. □ Ніяк Ваўку ў аўчарню не прабрацца І смачнае бараніны не мець. Корбан.
барані́цца, ‑ранюся, ‑ронішся, ‑роніцца; незак.
Абараняцца, адбіваючы напад праціўніка, ворага. Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца, Скала непрыступная наша граніца. Крапіва. Мы паспрабавалі бараніцца гранатамі, але і гранат хапіла на некалькі мінут. Няхай. // Разм. Засцерагаць сябе ад каго‑, чаго‑н. Ад чалавека лягчэй бараніцца, калі той нападае адкрыта, а не б’е ў спіну, знянацку. Шамякін. Ляныя валы паціху ідуць уперадзе сахі, бароніцца хвастамі ад аваднёў і мух, махаюць галовамі, аж ярмо рыпіць. Галавач.
барані́ць, ‑раню, ‑роніш, ‑роніць; незак.
1. каго-што. Пільна ахоўваць ад нападу ворагаў. Няхай на Волзе ці Кубані Салдацкія міналі дні, І там я ў любым змаганні Свой край бацькоўскі бараніў. Астрэйка. Не страшна смерць Свабоду хто бароніць, Будуе хто Нязнаны новы свет. Чарот. // Засцерагаць ад чаго‑н. непрыемнага. Ватоўка, бы якое рэшата, не бароніць ад сібернага ветру. Мыслівец.
2. што. Адстойваць што‑н. Міколку часта даводзіцца спрачацца і заўзята бараніць свае думкі, даводзіць іх правільнасць. Шынклер.
•••
Барані божа гл. бог.
Няхай бог бароніць гл. бог.
бара́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і абаранак (у 2 знач.). Валодзя як і не чуе слоў Варанецкага, яшчэ мацней налягае на баранку. Дуброўскі. Паўгаратонка падскоквае на карчах, выбоінах. За баранкай Мацвееў. Навуменка.
баранко́вы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з баранка. Здаравенны рыжавусы мужчына ў скураным паліто з цёплым баранковым каўняром і ў высокай баранковай шапцы шумна ўваліўся ў пярэдні пакой. Хадкевіч.
барано́вы, ‑ая, ‑ае.
Атрыманы з барана; зроблены з аўчыны барана. Барановы лой. Барановая шапка,
барано́к, ‑нка, м.
Вырабленая аўчынка баранчыка.