банк, ‑а, м.
1. а) У СССР — дзяржаўная ўстанова, якая ў адпаведнасці з народнагаспадарчым планам ажыццяўляе крэдытаванне дзейнасці прадпрыемстваў і фінансаванне капіталаўкладанняў, арганізуе безнаяўныя грашовыя разлікі паміж прадпрыемствамі і гаспадарчымі органамі і цэнтралізаваны зварот наяўных грошай. Дзяржаўны банк БССР. Камунальны банк. Інвестыцыйны банк. Міжнародны банк эканамічнага супрацоўніцтва; б) у капіталістычных краінах — фінансавая ўстанова, якая канцэнтруе пазыковы капітал і дае яго ў распараджэнне капіталістаў для атрымання прыбытку і звышпрыбытку.
2. У картачнай гульні — пэўная сума грошай, пастаўленая на кон. Сарваць банк.
•••
Трымаць банк гл. трымаць.
[Фр. banque з іт.]
ба́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Шкляная або бляшаная пасудзіна, звычайна цыліндрычнай формы. [Доўнар] паставіў на стол шкляную банку з п’яўкамі. Дуброўскі. На вокнах толькі стаяла некалькі бальзамінаў у ржавых банках ад кансерваў. Чорны.
•••
Лейдэнская банка — фізічны прыбор для кандэнсацыі электрычнасці.
ба́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Папярочная лаўка на вёсельным судне для весляроў і пасажыраў.
[Гал. bank.]
ба́нка 3, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Падводная водмель, узвышэнне ў адным месцы марскога дна.
[Гал. bank.]
банкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Выконваць пачаргова галоўную ролю ў картачнай гульні з банкам (у 2 знач.). У каго аказвалася старшая масць, той і садзіўся банкаваць. Колас.
ба́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да банка (у 1 знач.); выконваецца банкам. Банкавая сістэма. Банкавы перавод.
ба́нкаўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да банка (у 1 знач.); звязаны з банкам. Банкаўскі служачы. Банкаўскі чэк. Банкаўскі капітал.
•••
Банкаўскі білет гл. білет.
банкаўшчы́к, ‑а, м.
Удзельнік азартнай гульні ў карты, які трымае банк, банкуе.
банке́т 1, ‑у, М ‑кеце, м.
Урачыста абед ці вячэра з нагоды чаго‑н. або ў гонар каго‑н. У нас сёння з выпадку прэм’еры банкет у рэстаране... Васілевіч. Нямала я быў на банкетах, але Урачыстасці большай не знаю, Як гэта, калі мы раскройваем хлеб З свайго маладога ўраджаю. Танк.
[Фр. banquet.]
банке́т 2, ‑а, М ‑кеце, м.
Спец.
1. Насып з грунту або камення для засцярогі якога‑н. збудавання (чыгуначнага, гідратэхнічнага). [Каваль] убачыў .. [Паліну] адразу, ледзь машына, ўзышла на шырокі каменны банкет. Савіцкі.
2. Невялікае ўзвышша каля ўмацавальнага вала для зручнасці стральбы з вінтовак. // Пляцоўка для стральбы каля ўнутранага борта пад верхняй палубай ваеннага карабля.
[Фр. banquette.]
банкетава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. банкетаваць.
банкетава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
1. Удзельнічаць у банкеце; праводзіць час на банкеце. Дзе заедзе, банкетуе Сам ён, яго варта. Ні старому, ні малому Не спускае жартаў. Купала. У Станіслававай хаце справілі вяселле. Тут банкетавалі, а моладзь танцавала ў бараку, дзе звычайна спраўлялі вечарынкі. Чарнышэвіч.
2. Тое, што і баляваць (у 2 знач.).
3. Тое, што і баляваць (у 3 знач.). На руінах-папялішчах, На крывавых на ігрышчах Банкетуе пан. Бядуля.
банке́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тып нізкай табурэткі з мяккім сядзеннем прамавугольнай або круглай формы. Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол.., схадзіў у спальню і на кухню і прыцягнуў адтуль усё, на чым толькі можна было сесці, — крэслы, табурэткі, банкеткі. Васілёнак.