спецыяліза́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. спецыялізаваць, спецыялізавацца.
спецыялі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Чалавек, які валодае якой‑н. спецыяльнасцю, мае спецыяльныя веды ў якой‑н. галіне навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяліст сельскай, гаспадаркі. □ Сахор — вельмі добры электразваршчык, а спецыялісту заўсёды работы хапае. Кулакоўскі. Сямёна Львовіча запрасілі на прыём да кансультанта, вядомага спецыяліста па захворваннях сэрца. Гарбук. [Шарлап:] — Дзед быў спецыялістам па ядзерных рухавіках. Шыцік. // Разм. Добры знаўца чаго‑н., майстар у якой‑н. справе. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе [мабілізацыі людзей на змаганне з акупантамі]. Колас. З апошнімі словамі Азарчук з майстэрствам спецыяліста ўдарыў Змітрака. Ваданосаў.
спецыялі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да спецыяліст.
спецыя́льна, прысл.
1. Прысл. да спецыяльны.
2. Паглыблена, прафесійна, як спецыяліст. Цётка спецыяльна вывучала .. народную творчасць. Клімковіч. [Маскаленка:] — Там ёсць людзі, якія займаюцца гэтым спецыяльна. Мележ.
3. Выключна, толькі. Пайшлі з Сілачоў... Шляхам, які ад звычайных адрозніш дарог, Што для іх спецыяльна пралёг. Куляшоў. Бацька і не падазраваў, якое месца зойме яго сын у жыцці, што як быццам бы спецыяльна для яго ладкавалася. Лупсякоў.
4. Знарок, з пэўнай мэтай. Відаць, скеміў [снайпер], што ў траншэі камандзір, і спецыяльна пільнаваў, калі ён падыме галаву. Сабаленка. Жыта пасеяна спецыяльна для падкормкі. Паслядовіч.
спецыя́льнасць, ‑і, ж.
1. Асобная галіна навукі, тэхнікі, мастацтва; сфера чыёй‑н. дзейнасці або вывучэння чаго‑н. [Гарлахвацкі:] І спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся — палеанталогія. Крапіва. // Прафесія, асноўная кваліфікацыя. Механік па спецыяльнасці, Гнядкоў хутка пазнаў сакрэт мін і снарадаў і стаў камандзірам групы падрыўнікоў. Шамякін. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў. / у іран. ужыв. [Гаспадыня:] — Ён [Бычкавіцкі] мае спецыяльнасць выслужвацца ў начальства. Бядуля.
2. Уласцівасць спецыяльнага (у 2 знач.). Спецыяльнасць тэрміна.
спецыя́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны выключна для каго‑, чаго‑н., які мае асобае прызначэнне; асобы. Спецыяльны рэйс. Спецыяльнае заданне. □ Спецыяльнымі машынамі хмызнякі калгаснікі рэжуць. Бялевіч. Ён [Хама] сябрука свайго Кузьму ўласна сам вязе ў сталіцу, у спецыяльную бальніцу. Корбан. Спецыяльная кухарка гатавала .. [катам] ежу. Бядуля. У .. [Міхала] не было спецыяльных дзён, калі ён як дэпутат прымаў бы наведвальнікаў. Карпаў.
2. Які мае адносіны да якой‑н. галіны навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяльная тэрміналогія. Спецыяльная адукацыя. // Які патрабуе прафесійных ведаў у якой‑н. галіне. Гэтае пытанне вельмі спецыяльнае.
•••
Спецыяльны карэспандэнт гл. карэспандэнт.
спець 1, спяю, спяеш, спяе; спяём, спеяце; зак., што і без дап.
Зак. да пець (у 1, 3 і 4 знач.) і спяваць (у 1, 2 знач.).
спець 2, спее; незак.
1. Рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.). На дубах спелі жалуды. Чорны. Пшаніца спее, пад сонцам яна як вылітая з медзі. Пестрак. Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.
2. перан. Развівацца, фарміравацца, складвацца. Спеюць Настроі і думкі. Глебка. Я іду паўз бераг Нарачы, Спее песня ў душы. А. Вольскі. Ганя бачыла, што ў Косці, як яна казала, спеюць вялікія здольнасці (ён мог ужо чытаць, лічыць), пераканала ў гэтым Максіма. Грамовіч.
спе́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спячы (у 1–3 знач.).
спе́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спешыць.
2. у знач. прым. Які злез з каня, спешыўся. На дварэ стаяў бранявік і спешаны атрад. Самуйлёнак.
спе́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спешыцца.
2. Зал. да спешваць.