Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

плю́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Пералівацца, ударацца аб што‑н. (пра вадкасць). Нарэшце човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада. Маўр.

2. Перамяшчацца, рухацца ў вадзе, балоце або іншай вадкасці, распырскваючы яе і робячы пры гэтым характэрныя гукі. Салдаты з аўтаматамі плюхаюцца па гразі. Кулакоўскі.

3. Купацца, мыцца, распырскваючы ваду. У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі. Асіпенка. Пасля дарогі асалода была плюхацца над белым умывальнікам, надзяваць чыстую сарочку, завязваць не вельмі звыклы гальштук. Мележ. // Абдаваць сябе або каго‑н. пырскамі.

4. Падаць, шлёпацца ў ваду, гразь і пад. з пляскам. Скошаныя кулямі, снапамі падалі фашысты на абломкі ільдзін, плюхаліся ў ваду... Стаховіч.

плю́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да плюхнуць.

плю́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Упасці з шумам у ваду або іншую вадкасць; шлёпнуцца. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну. Якімовіч. Потым штосьці цяжкае плюхнулася ў ваду, і ўсё сціхла... Ваданосаў. // Грузна сесці на што‑н. — Паехалі! — крыкнуў генерал і плюхнуўся на сядзенне. Асіпенка. Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла. Шамякін.

2. Скалыхнуцца з пляскам (пра ваду і інш. вадкасці) ад удару і пад.

плю́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Тое, што і плюхнуцца. Бутэлька не разбілася, а плюхнула ў ваду. Карпюк. Плюхнуў Даніла ў крэсла ля Дзерашавага стала, аж тое з скогатам адсунулася. Шынклер. Збоку, так пачулася Ігнату, плюхнула вада, нібы хто ідзе непадалёк побач з дарогай. Галавач. Дзесь у чаротах плюхне качка. Па лозах пройдзе вецярок... Іверс.

2. што або чаго. Разм. Рэзкім рухам выліць ваду, вадкасць. Жанчына не адказала, высыпала бульбу з мяшка ў цабэрак, плюхнула туды вады вядро і пачала ажагом мяшаць. Лобан. // Наліць невялікую колькасць. Калі Тарасюку плюхнулі баланды, ён падхапіў бляшанку і вымеркаваў так, каб сесці поруч з пакалечаным палонным. С. Александровіч.

плюхо́та, ‑ы, ДМ ‑хоце, ж.

Разм. Дрэнная, дажджлівая пагода, слота. Ссохлі травы, ўсё павяла. Слаць, плюхота, холад, цьма. Эх, скарэй бы закрывала Зямлю чорную зіма! Колас.

плюхце́ць, ‑ціць; незак.

Разм. Плюхаць, хлюпаць. Конь — Ножык клыгаў, аступаўся, Вада пад коламі плюхцела. Колас.

плюш, ‑у, м.

Тканіна, у якой ворс радзейшы, але вышэйшы, чым у аксаміце. На сцэне стаяў стол, накрыты, як у важнай установе, чырвоным плюшам, на стале графік з вадою. Грамовіч.

[Ням. Plüsch ад лац. pilus — волас.]

плю́шавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плюшу. Плюшавая фабрыка. // Зроблены з плюшу або пакрыты плюшам. Плюшавая дарожка. Плюшавы мішка. Плюшавая канапа.

плю́шаўка, ‑і, ДМ ‑шаўцы; Р мн. ‑шавак; ж.

Разм. Плюшавы жакет на ваце або на ваціне. У дзвярах новага дома стаяла бабка. Бледны твар. Сівыя валасы з-пад шэрай вязанай хусткі, жакет-плюшаўка. Арабей.

плю́шнік, ‑у, м.

Тое, што і аер. Ужо зелянелі пад сонцам чароты ды плюшнікі. Чорны.