чатырохто́мнік, ‑а, м.
Твор або збор твораў у чатырох тамах.
чатырохто́мны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з чатырох тамоў. Чатырохтомнае выданне.
чатырохтыднёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Які працягваецца чатыры тыдні. Чатырохтыднёвы адпачынак. // Прызначаны, разлічаны на чатыры тыдні. Чатырохтыднёвы запас паліва.
2. Узростам у чатыры тыдні.
чатырохчле́нны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з чатырох членаў, частак. Чатырохчленныя сінанімічныя рады.
чаты́ры, ‑ро́х, ‑ро́м, ‑рма́, (аб) ‑ро́х, ліч. кольк.
1. Лік і лічба 4. Напісаць лічбу чатыры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 4. Чатыры коннікі замыкалі абоз. Колас.
2. Тое, што і чацвёрка (у 2 знач.).
3. у форме Р чатыро́х, у знач. зб. Разм. Чацвёра. На лаўцы каля дзвярэй сядзела чатырох: старэйшы дзядзька ў саламяным капелюшы, .. другі мужчына, відаць, не шмат маладзейшы за яго, .. трэці — малады чалавек, гадоў дваццаці пяці, .. і, чацвёрты, цыбаты хлопец-падлетак. Брыль.
•••
Між чатырох сцен гл. сцяна.
На ўсе чатыры бакі гл. бок.
чаты́рыста, чатырохсот, чатыромстам, чатырмастамі, (аб) чатырохстах; ліч. кольк.
Лік і лічба 400. Чатырыста дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 400. Ад эмтээсаўскай сядзібы метраў з чатырыста — і поле. Лобан.
ча́уш, ‑у, м.
1. Сорт буйнога вінаграду.
2. Вінаград гэтага сорту.
ча́ўканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чаўкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. На некаторы час гутарка прыціхла, саступіўшы месца чаўканню сківіц. Колас. Сёння — слота, сцюдзёны вецер, замглёнае непрыветнае неба, нуднае чаўканне размяклага снегу пад нагамі. Савіцкі.
ча́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць характэрныя гукі пры жаванні, ядзе. Немец сядзеў за сталом на лаве, парэзваў нешта ножыкам і клаў у рот, жаваў і чаўкаў. Чорны. «Чаўкае, як свіння», — падумаў Славік, каб хоць як-небудзь прынізіць свайго непрыяцеля. Шамякін. // што і без дап. Есці, гучна прыцмокваючы. [За перагародкай], фарсіста закруціўшы спіраллю хвост, скуб з Віталькавых рук і смачна чаўкаў зелле ладны круглы парсючок. Палтаран. Казюк Клышэўскі смачна чаўкаў і ў той жа час урачыста адказваў на пытанні. Броўка.
2. Утвараць гукі, падобныя на тыя, што ўзнікаюць пры жаванні; чвякаць. Пад ботамі чаўкае набрынялая вадой зямля. Асіпенка. Боты такія мокрыя, што аж чаўкаюць у іх анучы. Лупсякоў.