ча́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць характэрныя гукі пры жаванні, ядзе. Немец сядзеў за сталом на лаве, парэзваў нешта ножыкам і клаў у рот, жаваў і чаўкаў. Чорны. «Чаўкае, як свіння», — падумаў Славік, каб хоць як-небудзь прынізіць свайго непрыяцеля. Шамякін. // што і без дап. Есці, гучна прыцмокваючы. [За перагародкай], фарсіста закруціўшы спіраллю хвост, скуб з Віталькавых рук і смачна чаўкаў зелле ладны круглы парсючок. Палтаран. Казюк Клышэўскі смачна чаўкаў і ў той жа час урачыста адказваў на пытанні. Броўка.

2. Утвараць гукі, падобныя на тыя, што ўзнікаюць пры жаванні; чвякаць. Пад ботамі чаўкае набрынялая вадой зямля. Асіпенка. Боты такія мокрыя, што аж чаўкаюць у іх анучы. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)