фасо́ністы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Прыгожага, моднага фасону. Між.. [мужчын] быў і Руды Андрэй, акуратна паголены... у фасоністай гарадской шапцы, — першы ў Куранях палітык і прамоўца. Мележ. У кабінеце дырэктара на сцяне віселі ўзоры прадукцыі — фасоністыя жаночыя сукенкі з рознакаляровага квяцістага шоўку. Ус. // Вычварнага фасону. [Волечка:] — Ён не любіць нічога фасоністага. Калі прасцей — падабаецца. Савіцкі.
2. Фарсісты, франтаваты (пра чалавека). Юля заўважыла, што між сяброў Станіка Ралан быў як бы першым нумарам. Культурны, фасоністы. Грамовіч.
фасо́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Разм. Трымацца з фасонам (у 3 знач.); фарсіць. Косцік, звесіўшы свой бялявы хвалісты чуб на мяхі, фасоніў доўга. Яго ўжо некалькі разоў прасілі дзяўчаты сыграць, а ён быццам і не чуе. Сяркоў.
фасонналіце́йны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з фасонным ліццём, адліўкай дэталей машын і вырабаў. Фасонналіцейны цэх.
фасо́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Спец. Зроблены па пэўнаму фасону, узору. Фасонная абточка. □ Лабуда апраўдваўся, звальваў віну на слесараў, якія да гэтага часу не падалі ім нейкай там фасоннай трубы ... Краўчанка. // Звязаны з вытворчасцю такіх вырабаў. Фасонныя работы. Фасоннае ліццё. // Прызначаны для вырабу такіх рэчаў. Фасонны разец.
2. Спец. Рэльефны або ціснёны (пра тканіны). Фасонны аксаміт.
3. Разм. Тое, што і фасоністы.
фасо́ншчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца фасоннымі работамі.
фасо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. фасаваць.
фастры́га, ‑і, ДМ ‑рызе. ж.
Шво вялікімі шыўкамі, якім часова, папярэдне сшываецца матэрыял. // Нітка, якая ўжываецца для фастрыгавання, якой што‑н. фастрыгуецца. Бабка зашпільвае паліто на ўсе гузікі, штосьці папраўляе, дзесьці адкусвае нітку, выцягваў белую фастрыгу... Каліна.
[Польск. fastryga.]