Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

метэаста́нцыя, ‑і, ж.

Метэаралагічная станцыя.

метэацэ́нтр, ‑а, м.

Метэаралагічны цэнтр. У Савецкім Саюзе галоўны метэацэнтр знаходзіцца ў Маскве. «Беларусь».

метэо́р, ‑а, м.

Распаленае цела касмічнага паходжання, якое хутка рухаецца ў зямной атмасферы.

[Ад грэч. metéōros — які лунае ў паветры.]

метэо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да метэора. Метэорнае цела. Метэорнае жалеза.

2. Спец. Звязаны з атмасферай, атмасфернымі з’явамі. Метэорныя воды.

мех 1, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прадмет дамашняга ўжытку для захоўвання і перавозкі сыпучых цел, дробных рэчаў і пад., зроблены з полкі, складзенай папалам і сшытай з двух бакоў, або з дзвюх роўных полак, сшытых з трох бакоў. Палатняны мех. Радняны мех. Сшыць мех. □ Дзяўчаты ледзь упраўляліся адносіць поўныя мяхі і падвешваць парожнія. Шамякін. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спіной. Ракітны.

2. Разм. Мера для чаго‑н. сыпкага, роўная 3–5 пудам. Пазычыць мех мукі. Зарабіць пяць мяхоў бульбы.

•••

Біцца за пусты мех гл. біцца.

мех 2, меха; мн. мяхі, ‑оў; м.

1. Прыстасаванне для нагнятання паветра (ужываецца ў кавальскай, шкляной вытворчасці, а таксама для прывядзення ў дзеянне некаторых музычных інструментаў). Кузня ў вёсцы маленькая, нават меха няма, каб раздзьмуць вуголле. Навуменка. Гарманіст .. ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч.

2. У фатаграфіі — святлонепранікальная частка фатаграфічнай камеры, падобная на гармонік.

мехава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мехаватага.

мехава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі шырокі, падобны на мяшок. Мехаватае паліто.

2. перан. Нязграбны, непаваротлівы.

механа...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «механізм», «механічны», напрыклад: механаапрацоўчы, механазборачны.

механазбо́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да зборкі механізмаў. Механазборачны цэх.

механазбо́ршчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца зборкай механізмаў.