узмы́лены, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты пенай (пра коней). Верхам на ўзмыленых конях гарцавалі камандзіры. Жычка. / у вобразным ужыв. Рака на скалах хвалямі грукоча, Узмыленая, ярасна сапе. Панчанка.
узмы́ліцца, ‑ліцца; зак.
Пакрыцца пенай ад моцнага поту (пра коней).
узмы́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго.
Запарыць хуткай яздой (пра каня).
узмы́львацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узмыліцца.
2. Зал. да узмыльваць.
узмы́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узмыліць.
узнаві́цца, ‑новіцца; зак.
1. Стварыцца нанава, ізноў. Узнавіўся капітал.
2. Вярнуцца да ранейшага стану, выгляду; аднавіцца. Падобная развяжа не знімае супярэчлівасцей, а толькі сунімае іх, таму канфліктная сітуацыя павінна будзе ўзнавіцца. У. Калеснік. Паэзія Лучыны .. рашуча адмаўляла натуралістычна-бурлескную традыцыю ў беларускай літаратуры, якая ўзнавілася ў творчасці Ф. Тапчэўскага. Лазарук.
3. Пачацца зноў пасля пэўнага перапынку. На самым світанні кананада за лесам узнавілася і гадзіны дзве грымела яшчэ больш моцна, чым учора. Шамякін. Стук у дзверы ўзнавіўся, на гэты раз мацней і больш настойліва. Гамолка.
4. перан. Зноў узнікнуць у памяці; прыпомніцца. Усё мінулае ўзнавілася ў памяці.
узнаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.
1. Стварыць нанава. Узнавіць капітал.
2. Аднавіць, адрадзіць што‑н. разбуранае. Вы [камуністы] здолелі ўзняць народ — і на руінах Варшавы, пры дапамозе сяброў, узнавіць Варшаву. Лось.
3. Пачаць зноў што‑н. перапыненае. Адзін нязначны выпадак узнавіў наша даўнейшае знаёмства. «Маладосць».
4. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; аднавіць. Усе непрыемныя хвіліны са свайго жыцця .. [Міхась] мог узнавіць з дакладнасцю і перажываў іх нанава. Дамашэвіч. Сотнікаў ўчуў новы голас, ён здаўся яму знаёмы, ды толькі спакутаваная яго свядомасць не магла ўзнавіць у памяці, хто гэты чалавек. Быкаў.
5. Перадаць у мастацкіх вобразах рэчаіснасць, прадметы, здарэнні; творча аднавіць. Толькі той пісьменнік можа па-сапраўднаму ўзнавіць жыццё, у якога сапраўдны народны талент. Сабаленка. У паэме «У тыя дні», напісанае да 20‑годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, П. Глебка праўдзіва ўзнавіў найбольш важныя падзеі 1917 года. «Полымя».
узнагаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Плата, дар за якія‑н. заслугі і пад. [Кастусь чытае:] «За галаву атамана вызначаецца ўзнагарода — 15 тысяч марак польскіх». Крапіва. Хлопцы не спяшаліся выходзіць, яны азіраліся па баках, нібы чакаючы ўзнагароды за сваю знаходку. Кавалёў. — Ну, Тром-сын, — кажа цар, — цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды. Якімовіч. Першы дзень мая прынёс яе [радасць], нібы ўзнагароду за ўсе неспакойныя турботныя ночы і дні. Мележ.
2. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад., якімі адзначаюцца чые‑н. заслугі. Высокая ўрадавая ўзнагарода. □ Як дачка свайго народа, Многа маючы заслуг, І яна [Кацярына] ўзнагароду прыняла з гарачых рук. Броўка. Я, заўважыўшы .. тры калодачкі ўзнагарод на ягоных грудзях, захацеў абняць хлопца яшчэ раз. Брыль. // перан. Падзяка, аддзяка, адплата. [Пан Ружыцкі:] — Перлы вашых тонкіх слоў — лепшая ўзнагарода для мяне. Бажко.
3. Разм. Тое, што і узнагароджанне (у 1 знач.). На тым жа вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын. Дуброўскі.
•••
Знакі ўзнагароды гл. знак.
узнагаро́джанне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. узнагародзіць.
2. Тое, што і узнагарода (у 1 знач.). Грашовае ўзнагароджанне.
узнагаро́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад узнагародзіць.
2. у знач. наз. узнагаро́джаны, ‑ага, м.; узнагаро́джаная, ‑ай, ж. Той (тая), хто атрымаў узнагароду. Усе кінуліся віншаваць узнагароджаных. Ціснулі рукі, абдымалі, цалавалі. Шчарбатаў.