узнагаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Плата, дар за якія‑н. заслугі і пад. [Кастусь чытае:] «За галаву атамана вызначаецца ўзнагарода — 15 тысяч марак польскіх». Крапіва. Хлопцы не спяшаліся выходзіць, яны азіраліся па баках, нібы чакаючы ўзнагароды за сваю знаходку. Кавалёў. — Ну, Тром-сын, — кажа цар, — цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды. Якімовіч. Першы дзень мая прынёс яе [радасць], нібы ўзнагароду за ўсе неспакойныя турботныя ночы і дні. Мележ.

2. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад., якімі адзначаюцца чые‑н. заслугі. Высокая ўрадавая ўзнагарода. □ Як дачка свайго народа, Многа маючы заслуг, І яна [Кацярына] ўзнагароду прыняла з гарачых рук. Броўка. Я, заўважыўшы .. тры калодачкі ўзнагарод на ягоных грудзях, захацеў абняць хлопца яшчэ раз. Брыль. // перан. Падзяка, аддзяка, адплата. [Пан Ружыцкі:] — Перлы вашых тонкіх слоў — лепшая ўзнагарода для мяне. Бажко.

3. Разм. Тое, што і узнагароджанне (у 1 знач.). На тым жа вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын. Дуброўскі.

•••

Знакі ўзнагароды гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)