узнаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Стварыць нанава. Узнавіць капітал.

2. Аднавіць, адрадзіць што‑н. разбуранае. Вы [камуністы] здолелі ўзняць народ — і на руінах Варшавы, пры дапамозе сяброў, узнавіць Варшаву. Лось.

3. Пачаць зноў што‑н. перапыненае. Адзін нязначны выпадак узнавіў наша даўнейшае знаёмства. «Маладосць».

4. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; аднавіць. Усе непрыемныя хвіліны са свайго жыцця .. [Міхась] мог узнавіць з дакладнасцю і перажываў іх нанава. Дамашэвіч. Сотнікаў ўчуў новы голас, ён здаўся яму знаёмы, ды толькі спакутаваная яго свядомасць не магла ўзнавіць у памяці, хто гэты чалавек. Быкаў.

5. Перадаць у мастацкіх вобразах рэчаіснасць, прадметы, здарэнні; творча аднавіць. Толькі той пісьменнік можа па-сапраўднаму ўзнавіць жыццё, у якога сапраўдны народны талент. Сабаленка. У паэме «У тыя дні», напісанае да 20‑годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, П. Глебка праўдзіва ўзнавіў найбольш важныя падзеі 1917 года. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)