Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

плутані́чны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з рухам і застываннем магмы ў глыбіні зямной кары.

Плуто́н, ‑а, м.

1. Спец. Агульная назва розных глыбінных вывергнутых парод.

2. (з вялікай літары). Назва самай далёкай ад Сонца планеты сонечнай сістэмы.

плуто́ній, ‑ю, м.

Штучна атрыманы радыеактыўны хімічны элемент.

плыве́ц, плыўца, м.

1. Той, хто плавае; той, хто ўмее плаваць. Яны кінуліся ў адзежы ў глыбокія воды ракі. Каляда быў добрым плыўцом. Гурскі. // Спартсмен, які займаецца плаваннем.

2. Уст. Той, хто плавае на якім‑н. судне. Не ведаюць плыўцы пакоры, Калі ідуць у смелы рэйд. Пушча.

плыву́н, ‑а, м.

Насычаны вадою дробны пясок, супесак ці суглінак.

плывуне́ц, ‑нца і ‑нцу, м.

1. ‑нца. Жук, які жыве ў стаячай або павольна цякучай прэснай вадзе.

2. ‑нцу. Водная расліна з шарыкападобнымі пухіркамі на лісцях, якія служаць для вылоўлівання і пераварвання дробных жывёлін планктону.

плыву́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць плывучага (у 2, 3 знач.).

плыву́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на вадзе, размешчаны на вадзе; які плавае. Плывучы мост.

2. Здольны трымацца на паверхні вады, плаваць. Плывучыя матэрыялы. □ [Ласіха] смачна жуе вялікія плывучыя лісты лілеі. Брыль.

3. Які лёгка размываецца, перамяшчаецца дзякуючы вялікай колькасці вады ў ім (аб грунце). Плывучая гліна.

плыву́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.

Парашок са спораў дзеразы; лікаподый.

плынь, ‑і, ж.

1. Рух вады ў рэчышчы, а таксама сама вада, якая цячэ. Да асушкі балот плынь у гэтай рачулцы была такая павольная, што яе нават цяжка было прыкмеціць. Краўчанка. Першае, што ўбачыў Коля, гэта халодны бляск нешырокай воднай плыні, сціснутай з абодвух бакоў лёдам. Шыловіч. / Аб рухомых патоках паветра. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны.

2. Мноства, маса каго‑, чаго‑н., якая рухаецца ў адным напрамку. Людская плынь. □ Уперадзе войск няспыннай плынню ішлі абозы бежанцаў. Лобан.

3. перан. Літаратурна-мастацкі або грамадска-палітычны напрамак. А. Бабарэка ў сучаснай яму літаратуры бачыў дзве плыні, два напрамкі. Мушынскі.

•••

Падводная плынь — нешта тайнае, што не відаць адразу.