Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цягу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Клейкая мяккая цукерка з малака і цукру. // перан. Цяганіна, зацяжка. [Поклад:] — Запеў у вас як быццам неблагі, а пераходзіць ён у цягучку. Марціновіч.

цягу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які здольны расцягвацца, падаўжацца, не абрываючыся, не ломячыся. Цягучая рызіна.

2. Густы, клёпкі, ліпкі. У дзежках брага з хмелем, Цягучы мёд з вулля. Калачынскі.

3. перан. Працяглы, запаволены, марудлівы. Песні былі ягадныя, старадаўнія, доўгіядоўгія і цягучыя-цягучыя... Сачанка.

4. перан. Стамляюча доўгі, аднастайны. Мокры цягучы дзень нарэшце схіліўся к вечару. Кулакоўскі.

5. перан. Тое, што і цягавіты. [Марцін] паехаў на будаўніцтва і працаваў там чатыры месяцы. Працаваў так, што аж сам здзівіўся, які ён цягучы і дужы. Чарнышэвіч. Капаем мы [акоп], капаем удвух. Абодва цягучыя. І выкапалі мы ўжо метры два ў глыбіню. Дубоўка.

цяж, ‑а, Т ‑ом, м.

1. Рэмень ці трос, якія служаць сродкам перадачы цягавай сілы. Падчапілі другі паравоз, рванулі раз і два .. Перадыхнулі хвіліну, другую і рванулі так, што загрымеў і лопнуў цяж. Лынькоў.

2. Рэмень ці вяроўка, нацягнутыя ад верхняга канца аглоблі да восі пярэдняга кола для выраўноўвання ходу экіпажа. Пры конях ішлі па некалькі чалавек, мясілі гразь і час ад часу хапаліся за цяжы, крычалі на коней. Лобан.

3. Скрэпа, замацаванне, звязка. Змацаваць бярвенне жалезным цяжом.

ця́жанька, прысл.

1. Вельмі цяжка. Цяжанька несці. □ Цяжка, цяжанька ўздыхнула Бедная жанчына. Колас.

2. безас. у знач. вык. Пра дрэнны фізічны стан, пачуцці болю, стомы і пад. [Марыля:] Ах, як жа цяжанька! Падай мне вады, Данілка. Купала.

цяжа́р, ‑у, м.

1. Вага чаго‑н. (звычайна цяжкага). Пад цяжарам .. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. [Чалавек] грудзьмі, жыватом, усім цяжарам свайго цела ўпаў на спіну леапарду. Караткевіч.

2. Цяжкая ноша, груз вялікай вагі. Цяжары падвозіць, Як волат нястомны, Наш «МАЗ» — грузавік Дваццаціпяцітонны. Нядзведскі. // У спорце — снарады для падымання.

3. Абавязкі, павіннасці, цяжкасці, звязаныя з чым‑н. адказным, непрыемным і пад. Цяжар няволі. Цяжар турбот. Цяжар вайны. □ Гады праз два калгас узбуйніўся, і Шалюта адразу пачуў на сваіх плячах непамерны цяжар гаспадарскіх клопатаў. Дуброўскі.

4. Адчуванне (звычайна непрыемнае) чаго‑н. цяжкага (у целе, галаве і пад.). Распраналася яна [Маша] марудна — ад утомы, якая роўным цёплым цяжарам наліла цела. Мележ. Ва ўсім целе і асабліва ў нагах адчуваўся нейкі цяжар. Кулакоўскі. // перан. Тое, што гняце, прыгнятае, выклікае сумны, змрочны настрой. І лепш аддайся светлым марам, Каб месца не было жальбе, Калі каханне не цяжарам, А песняю жыве ў табе. Астрэйка. Кожны раз, як душа натоміцца, Я, каб скінуць з яе цяжар, Прыпадаю да Вашых томікаў — Вашых думак і Вашых мар. Тармола. І чуцен ціхі сэрца голас, Хоць на душы ва ўсіх цяжар. Дзень добры, друг, Наш бацька Колас — Народа нашага пясняр! Прыходзька. Прыгінае і самых высокіх Да зямлі вечны цяжар гадоў. І цішэюць, цішэюць крокі У людзей і старых гарадоў. Сіпакоў.

•••

Цэнтр цяжару гл. цэнтр.

Скінуць цяжар гл. скінуць.

Цяжар з душы спадзе — пра пачуццё палёгкі, якое наступае пасля вызвалення ад таго, што гняло, заклапочвала.

цяжа́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Станавіцца цяжарнай.

цяжа́рнасць, ‑і, ж.

1. Стан жанчыны ў перыяд развіцця плода ў яе арганізме. Водпуск па цяжарнасці.

2. Працэс, у выніку якога з аплодненай яйцаклеткі ў арганізме жывародных развіваецца плод.

•••

Пазаматачная цяжарнасць — аб цяжарнасці, якая праходзіць не ў матцы, па-за маткай.

цяжа́рная,

Якая носіць ва ўлонні плод. Бабы не давалі галасіць Марыне, бо яна хадзіла цяжарнай апошнія дні. Ермаловіч. / у перан. ужыв. Ды глянь: набухшы ў кожнай баразёнцы, Цяжарная ўраджаямі ралля У павітухі запрашае сонца. Макаль. / у знач. наз. цяжа́рная, ‑ай, ж. Гімнастыка для цяжарных.

цяжа́рны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Вельмі цяжкі. Астаўся ззаду шлях блукання, Цяжарны шлях пакут, туляння. Колас. Адкуль навісла над .. [Зосяю] гэта цяжарная ўдушлівая духата, засмуціўшы яе вочы, здавіўшы сэрца? Гартны.

ця́жба, ‑ы, ж.

Уст. Спрэчка двух бакоў перад судом; грамадзянская судовая справа. [Сяляне:] — У справе ж нашых цяжбаў з вамі [пан Скірмунт].. суд стаў на вашу старану. Колас.