Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узне́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узнесці.

узне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. узнёс, ‑несла; заг. узнясі; зак.

1. каго-што. Падняўшы, занесці куды‑н. наверх. Узнесці цэглу на другі паверх. Узнесці вёдры з вадой на ганак. □ Па лесвіцы, што стаяла прыслоненая да ўтрамбаванага сена, [дзяўчынкі] ўзнеслі дзіця наверх, аж пад дах, раскудлачылі трохі сена, выскублі ямачку і паклалі Валю. Ус.

2. перан.; што. Падняць, узняць увысь, угору; ускінуць. На ўсход, на поўнач гетман глянуў, Уладарна ўзнёсшы булаву. Жычка. І ўзнёс ён [музыка] смык рукою, і павёў яго па струнах... Дубоўка. // Накіраваць угору, у вышыню. Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба. Лынькоў. Аж да самых нябёс, аж да сонца ты [горад] узнёс свае мачты — пад’ёмныя краны. А. Вольскі. / Пра вочы, позірк і пад. Калі ж часам і крадзецца сум (Я сумую, раўную, кахаю), Вочы смела на змрок узнясу, заспяваю, назло заспяваю. Хведаровіч.

3. што. Збудаваць, пабудаваць. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчы палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва.

4. перан.; каго-што. Узвялічыць, узвысіць; усхваліць. Другі ўрывак [«Слова аб палку Ігаравым»], у якім апавядаецца пра князя Усяслава, .. паэт узнёс як узор паэзіі. Лойка.

•••

Узнесці да неба — непамерна расхваліць каго‑, што‑н.

узне́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. узнёсся, ‑неслася; заг. узнясіся; зак.

1. Падняцца ўверх, у вышыню; узляцець. На лётных пляцоўках, у зацішных пералесках гатовы штохвіліны ўзнесціся ўгору грозныя паветраныя крэпасці. Шынклер. Якім падобным на стралу зрабілі ТУ–104 — Срэбны лайнер той, Што ўзнёсся над прасторамі Сібіры, Каб апынуцца недзе за Чытой!.. Кусянкоў. Вы [касманаўты] ўзнесліся туды, высока, І плылі ў міжзорным акіяне... Буйло. // Накіравацца ўвысь, узвысіцца. Той хвілінай я думаў пра шчасце, А яшчэ — пра Сінія скалы, Што ўзнесліся горда Над горадам Слівенам. Гілевіч. І бяроза, што ўзнеслася над хатай, тая ж, статная і прыгожая. Шашкоў. Новенькая беленькая шпакоўня ўзнеслася над яшчэ голымі кронамі невялічкага маладога садка. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Стаць ганарыстым, фанабэрыстым, пагардлівым.

узнёсласць, ‑і, ж.

Уласцівасць узнёслага. Узнёсласць стылю. Узнёсласць думак. Узнёсласць пачуццяў. □ [Паходня] практык, але не пазбаўлены размаху і ўзнёсласці ў марах пра будучыню. Хадкевіч. Я спяшалася дамоў і несла ў сэрцы незвычайную, як бы прасветленую ўзнёсласць. Савіцкі.

узнёслы, ‑ая, ‑ае.

1. Прыўзняты, урачысты. Узнёслы настрой. Узнёслая прамова. □ [Кудрынскі] меў талент прамоўцы, і нашы адказы больш падабаліся яму, калі былі трохі ўзнёслыя. Лужанін. — Таварышы! Дарагія землякі! — Голас Марыі пявучы, узнёслы. Гроднеў.

2. Поўны вялікага значэння, глыбокага зместу, высакародных пачуццяў. Узнёслыя ідэалы. Узнёслыя мары. □ Кранулі не раз мяне тэмы ўзнёслыя Пра нашыя справы, пра нашых людзей. Панчанка.

узні́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узнізаць.

узніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак., каго-што.

Разм. Нанізаць на нітку, пруток і пад. Узнізаць пацеркі на нітку. □ Конан падцягнуў лодку, прымкнуў яе да калка, узнізаў рыбу па лазіну. Лобан.

узні́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. узнізваць — узнізаць.

узні́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да узнізваць.

узні́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узнізаць.