узне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. узнёс, ‑несла; заг. узнясі; зак.
1. каго-што. Падняўшы, занесці куды‑н. наверх. Узнесці цэглу на другі паверх. Узнесці вёдры з вадой на ганак. □ Па лесвіцы, што стаяла прыслоненая да ўтрамбаванага сена, [дзяўчынкі] ўзнеслі дзіця наверх, аж пад дах, раскудлачылі трохі сена, выскублі ямачку і паклалі Валю. Ус.
2. перан.; што. Падняць, узняць увысь, угору; ускінуць. На ўсход, на поўнач гетман глянуў, Уладарна ўзнёсшы булаву. Жычка. І ўзнёс ён [музыка] смык рукою, і павёў яго па струнах... Дубоўка. // Накіраваць угору, у вышыню. Старыя яліны высока ўзнеслі свае лапы ў чорнае неба. Лынькоў. Аж да самых нябёс, аж да сонца ты [горад] узнёс свае мачты — пад’ёмныя краны. А. Вольскі. / Пра вочы, позірк і пад. Калі ж часам і крадзецца сум (Я сумую, раўную, кахаю), Вочы смела на змрок узнясу, заспяваю, назло заспяваю. Хведаровіч.
3. што. Збудаваць, пабудаваць. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчы палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва.
4. перан.; каго-што. Узвялічыць, узвысіць; усхваліць. Другі ўрывак [«Слова аб палку Ігаравым»], у якім апавядаецца пра князя Усяслава, .. паэт узнёс як узор паэзіі. Лойка.
•••
Узнесці да неба — непамерна расхваліць каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)