Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сце́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да сцяна; тое, што і сцяна. На сценках вялікага пакоя дрыжаў ружовы водсвет пажарышча. Бядуля. Які прастор! Здалёк стаяць Чатыры сценкі бору. Панчанка. У хаце цёмна. Сценкі печкі чырванеюць, і на іх паверхні яркімі зорачкамі ўспыхваюць пылінкі. Каршукоў.

2. Бок якога‑н. пустога прадмета. Сценкі кузава аўтамашыны. □ Дно і сценкі [бочкі] аплылі слізкаю цвіллю. Самуйлёнак. // Абалонка якога‑н. унутранага органа, поласці. Брушная сценка. Сценкі крывяносных сасудаў.

3. перан. Шчыльны, самкнуты рад байцоў у кулачнай бойцы, а таксама сама кулачная бойка. Крыкі рынулі з усіх бакоў. Сценка кінулася на сценку.. Праз пяць хвілін білася ўжо ўся гімназія. Караткевіч.

4. Абл. Мера палатна даўжынёй на сцяну, на якой снавалі пражу. [Марыля:] — Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі... па грамніцах кросны паставіла... колькі сценак наткала. Купала.

5. Камплект аднатыпнай мэблі, які размяшчаецца каля сцяны і прызначаецца для адной мэты.

•••

Гімнастычная сценка і (уст.) шведская сценка — гімнастычны снарад у выглядзе дзвюх стоек з папярочнымі перакладзінамі для практыкаванняў.

Прыперці да сценкі гл. прыперці.

Ставіць да сценкі гл. ставіць.

Як у (аб) сценку гарохам — тое, што і як у (аб) сцяну гарохам (гл. сцяна).

сце́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шырокая мяжа, палявая дарога. Агародамі выйшаў я на сценку, а па ёй на вузкую дарогу, па адзін бок якой буялі кукурузныя кіяхі, а па другі густа стаяла вільготнае жыта. М. Стральцоў.

сце́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сцяны (у 1, 2 знач.). Сценны выступ. // Зроблены ў сцяне. Сценная шафа. // Прызначаны, прыстасаваны для вісення на сцяне. Углядаецца [Якаў] ў цьмянае .. акно, і яму здаецца, што ў хаце стаіць перад сценным люстэркам і папраўляе пышную прычоску Зоня. Кулакоўскі.

2. Які выконваецца на сцяне (сценах). Сценны роспіс.

сцень, ‑ю, м.

Разм. Цень, прывід. Сцені набягалі лёгкаю хадою. Прабягалі — быццам спуджаны табун... Дубоўка. Як сцені, сіняватыя кругі Навокала вачэй ляглі. Багдановіч.

сцепану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Раптам здрыгануцца, уздрыгнуць, скалануцца. Ніка сцепанулася можа ад лёгкай жуды, можа ад холаду. Караткевіч. Міця спалохана сцепануўся, нібыта яго нехта піхнуў у спіну. Арочка.

сцепану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Зрабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела (часцей плячыма). Сяргей сцепануў плечуком і не адказаў. Крапіва. Ніна галавою сцепанула, каб пазбыцца гэтага непрыемнага ўяўлення. Лобан. // безас. Пра міжвольны сутаргавы рух, скарачэнне мышцаў. — Ага!.. — гукнуў з усёй моцы Косцік. Шурку ажно сцепанула. Брыль.

сце́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да сцепануцца.

сце́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сцепануць.

сцерабі́ць, сцераблю, сцярэбіш, сцярэбіць; зак., што.

1. Раздрабніць на часткі, пагрызці, пакрышыць. Мышы сцерабілі жыта ў гумне.

2. перан. Разм. З’есці (у вялікай колькасці). Што зарабіў, тое і сцерабіў.

сцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Сачыць за захаванасцю чаго‑н.; вартаваць што‑н. Я, як кажуць, пры выкананні службовых абавязкаў: коней сцерагу, мала што можа быць. Скрыпка. [Маша:] — Аб усім ты [Павел] паклапаціўся... І выйшла, што я толькі кватэру сцерагу. Гроднеў. // перан. Не даваць парушаць, трывожыць што‑н.; ахоўваць. Шмат год, як дубы ўжо Твой [дружа] сон сцерагуць, А я ўсё змірыцца Ніяк не магу. Гілевіч.

2. і з дадан. сказам. Уважліва сачыць, пазіраць за кім‑, чым‑н. [Ліба:] — Я сцерагла, каб у хаце ніхто не стукнуў. Заперла браму. Гартны.

3. Чакаць каго‑н., падпільноўваць. Хто ведае на вайне, дзе каго смерць сцеражэ. Шамякін. / у паэт. ужыв. Белы вус, як снег калядны, Смех хавае неразгадны, Вы ахвяру сцеражэ. Колас.

4. Клапатліва засцерагаць ад чаго‑н. [Змітрок] верна служыў ляснічаму. Ён сцярог яго ад бяды і немачы, паважаў і любіў, як сына... А ляснічы лічыў яго забойцам. Чарнышэвіч. Клёны шумелі панура, Вецер блукаў у галлі. Дрэўца малое ад буры Дбала яны сцераглі. Смагаровіч.

5. Клапатліва аберагаць, захоўваць. Краіна родная мая,.. Высокі твой дзяржаўны лад У сэрцы дбайна сцерагу я. Бялевіч.

сцерагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся, ‑рагуцца; незак., каго-чаго і без дап.

Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. Сцеражыся цягніка. □ Гаспадар .. успамінае сына: «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся»... Мележ. Шэпча заяц: — Сцеражыся, За табою сочаць рысі. Вітка. // і з дадан. сказам. Быць асцярожным у адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Заводзячы знаёмства з ваеннапалоннымі, [Фадзею] трэба было сцерагчыся, каб не натрапіць на правакатара. Кухараў.