сцяба́нне і сцёбанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцябаць, сцёбаць і сцябацца, сцёбацца.
сцяба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і сцёбацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Сцёбаць сябе або адзін аднаго. Станіслаў залез на палок і пачаў сцёбацца венікам. Жычка. [Дзеці] лазілі па камлі, сцябаліся тонкімі бярозавымі розгамі. Маеўская.
сцяба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і сцёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.
Біць чым‑н. гнуткім; хвастаць. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. У час другой перамены Вінцусь дзесьці знайшоў гнуткую лазіну і пачаў ёю сцёбаць дзяўчат па голых нагах. Прокша. Паўлюк перастаў трашчаць карой і сцёбаў дубцом па траве. Пташнікаў. // Біць, хвастаць таго, хто рухаецца (пра галіны і пад.). Ішоў, І травы па каленях Балюча сцёбалі яго [чалавека]. Калачынскі. Каласы жорстка сцябалі .. [Бабейку] па твары. Хадкевіч. / Пра вецер, дождж, град і пад. Па шыбах шырокіх [акон] сцёбаў асенні дожджык. Чарнышэвіч. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Быкаў. Сцябае па твары вецер, здзірае з галавы капялюш. Лось. // перан. Рэзка адчытваць, крытыкаваць. Сцябаць крыўднымі словамі. □ [Люба:] — Лоўка [Саламон] сцёбаў начальства. Лоўка! Як у гогалеўскім «Рэвізоры» выйшла. Бядуля.
сцяблі́на, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і сцябло (у 1 знач.). Пад ледзь улоўнымі павевамі ветру кланяліся, высцілаліся доўгія сцябліны кавылю. Даніленка.
сцяблі́ністы, ‑ая, ‑ае.
Які мае сцябло. Сцябліністыя парасткі. // Які мае выгляд сцябла. Сцябліністая форма лісцевага чаранка.
сцяблі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш. да сцябліна; невялікая сцябліна. Ні сцяблінкі з-пад снегу не ўбачыш нідзе. Куляшоў.
сцяблі́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сцяблінкі.
сцяблі́сты, ‑ая, ‑ае.
З вялікім сцяблом або вялікай колькасцю сцёблаў. [Лён] доўга стаяў там на покуці — высокі, сцяблісты, жоўты, як воск, .. і, здавалася, свяціўся, выхваляючыся руплівасцю чалавечых рук. Палтаран.
сцябло́, ‑а́; мн. сцёблы (з ліч. 2, 3, 4 сцяблы́), ‑аў; н.
1. Надземная частка травяністай расліны, якая нясе на сабе лісце, кветкі і плады. Узяўшы кветку, [Наташа] убачыла, што сцябло зломана. Гарбук. Міхалка стаяў перад .. [Скуратовічам], як аслупянелы, мнучы ў пальцах сцябло сарванай травы. Чорны.
2. Спец. Назва розных частак прадметаў ці прыстасаванняў, якія маюць выгляд трубкі, стрыжня. Сцябло затвора вінтоўкі.
сцябло́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сцябла. Сцябловыя парасткі. // Размешчаны на сцябле. Сцябловыя вузлы. // Які знішчае сцябло. Сцябловая ржа.
2. Са сцяблом. Сцябловыя расліны.