сце́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да сцяна; тое, што і сцяна. На сценках вялікага пакоя дрыжаў ружовы водсвет пажарышча. Бядуля. Які прастор! Здалёк стаяць Чатыры сценкі бору. Панчанка. У хаце цёмна. Сценкі печкі чырванеюць, і на іх паверхні яркімі зорачкамі ўспыхваюць пылінкі. Каршукоў.
2. Бок якога‑н. пустога прадмета. Сценкі кузава аўтамашыны. □ Дно і сценкі [бочкі] аплылі слізкаю цвіллю. Самуйлёнак. // Абалонка якога‑н. унутранага органа, поласці. Брушная сценка. Сценкі крывяносных сасудаў.
3. перан. Шчыльны, самкнуты рад байцоў у кулачнай бойцы, а таксама сама кулачная бойка. Крыкі рынулі з усіх бакоў. Сценка кінулася на сценку.. Праз пяць хвілін білася ўжо ўся гімназія. Караткевіч.
4. Абл. Мера палатна даўжынёй на сцяну, на якой снавалі пражу. [Марыля:] — Добры быў лянок; палола яго, рвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі... па грамніцах кросны паставіла... колькі сценак наткала. Купала.
5. Камплект аднатыпнай мэблі, які размяшчаецца каля сцяны і прызначаецца для адной мэты.
•••
Гімнастычная сценка і (уст.) шведская сценка — гімнастычны снарад у выглядзе дзвюх стоек з папярочнымі перакладзінамі для практыкаванняў.
Прыперці да сценкі гл. прыперці.
Ставіць да сценкі гл. ставіць.
Як у (аб) сценку гарохам — тое, што і як у (аб) сцяну гарохам (гл. сцяна).
сце́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Шырокая мяжа, палявая дарога. Агародамі выйшаў я на сценку, а па ёй на вузкую дарогу, па адзін бок якой буялі кукурузныя кіяхі, а па другі густа стаяла вільготнае жыта. М. Стральцоў.