сцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.
1. Сачыць за захаванасцю чаго‑н.; вартаваць што‑н. Я, як кажуць, пры выкананні службовых абавязкаў: коней сцерагу, мала што можа быць. Скрыпка. [Маша:] — Аб усім ты [Павел] паклапаціўся... І выйшла, што я толькі кватэру сцерагу. Гроднеў. // перан. Не даваць парушаць, трывожыць што‑н.; ахоўваць. Шмат год, як дубы ўжо Твой [дружа] сон сцерагуць, А я ўсё змірыцца Ніяк не магу. Гілевіч.
2. і з дадан. сказам. Уважліва сачыць, пазіраць за кім‑, чым‑н. [Ліба:] — Я сцерагла, каб у хаце ніхто не стукнуў. Заперла браму. Гартны.
3. Чакаць каго‑н., падпільноўваць. Хто ведае на вайне, дзе каго смерць сцеражэ. Шамякін. / у паэт. ужыв. Белы вус, як снег калядны, Смех хавае неразгадны, Вы ахвяру сцеражэ. Колас.
4. Клапатліва засцерагаць ад чаго‑н. [Змітрок] верна служыў ляснічаму. Ён сцярог яго ад бяды і немачы, паважаў і любіў, як сына... А ляснічы лічыў яго забойцам. Чарнышэвіч. Клёны шумелі панура, Вецер блукаў у галлі. Дрэўца малое ад буры Дбала яны сцераглі. Смагаровіч.
5. Клапатліва аберагаць, захоўваць. Краіна родная мая,.. Высокі твой дзяржаўны лад У сэрцы дбайна сцерагу я. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)