Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выспеў, паспеў (пра садавіну, гародніну, злакі). Між густой зялёнай травы ўсюды чарнелі спелыя ягады. В. Вольскі. Маці ў сенцах рэзала нажом спелыя гарбузы. Гамолка. Арэхі былі спелыя і вельмі смачныя. Ваданосаў. Мора калышацца, мора жытнёвае, Спелым калоссем звіняць берагі. Трус. // Прыгодны для выкарыстання або які дасягнуў гранічнага ўзросту. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч. // Пра яркі, насычаны колер. А можа, гэтая красуня вялікая модніца і вырашыла ўпрыгожыць сябе такімі спелымі колерамі? Паслядовіч. Завывала ў топцы полымя .. Струменіліся, снавалі празрыстыя залацістыя ніці. Яны прымалі самыя нечаканыя абрысы, дзівосныя адценні: ад расплаўленага золата да спелай жаўціні аўсянага снапа. Лынькоў.

2. перан. Які дасягнуў майстэрства, вопытнасці (пра музыканта, мастака і пад.). І ў гэтым асаблівая сіла .. даступнай толькі спеламу майстру метафары. Бугаёў. Наогул, небяспечна што-небудзь раіць такому спеламу майстру, як Янка Брыль, але думаецца, што ён можа паставіць перад сабой талстоўскую задачу — патрошкі абмяжоўваць лірычную стыхію свае творчасці. Кучар.

3. перан. Дасканалы; закончаны, грунтоўна абдуманы. Паволі, радок за радком, вырысоўваўся, няхай і не надта дасканалы, спелы, але ўсё-такі ёмкі малюнак іх студэнцкага жыцця. Дамашэвіч. Нашу літаратуру ведаюць і далёка за межамі, і ў гэтых поспехах — вялікая заслуга нашай дасканалай і спелай літаратурнай мовы. Скрыган. Новыя часы — новыя духоўныя павевы. Яны асветлены звычайна больш спелымі поглядамі на працэс сацыяльнага развіцця. Майхровіч.

спе́раду, прысл. і прыназ.

1. прысл. З пярэдняга боку; проціл. ззаду. Зашпіліў [Андрэй] на ўсе гузікі паддзёўку — яна была мокрая спераду і пачынала лубянець. Пташнікаў. Потым [Ніна] паглядзела на сябе спераду, наслініла пальцы і зрабіла імі тоненькія бровы. Лобан. // На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н.; паперадзе. Вось спераду размашыста крочыць высокая і худая, з рашучым тварам, брыгадзірава жонка Настасся. Ракітны. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «спераду» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на месца паперадзе чаго‑н. Ісці спераду калоны. □ Хацяноўскі саступіў з дарогі і амаль адразу ўбачыў, што спераду кожнага матацыкла тырчыць руля. Здагадаўся: немцы! Кулакоўскі.

спераза́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сперазаць.

спераза́ць, сперажу, спяражаш, спяража; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і аперазаць. Банадысюк .. гэтак знячэўку сперазаў яго [Рыгора] па карку, што той .. ледзьве дапаў да свае хаты. Чорны.

спе́рма, ‑ы, ж.

Рэчыва, якое выпрацоўваюць мужчынскія палавыя залозы і якое ўтрымлівае палавыя клеткі.

[Грэч. sperma — семя.]

сперматазо́ід, ‑а, М ‑дзе, м.

Мужчынская палавая клетка чалавека, жывёл і некаторых раслін; жыўчык (у 2 знач.).

[Ад грэч. sperma — семя, zōon — жывёла і eidos — від.]

спермацэ́т, ‑у, М ‑цэце, м.

Воскападобнае рэчыва, якое змяшчаецца ў асобых поласцях галавы кашалота і ўжываецца ў парфумерыі і медыцыне.

[Ад грэч. sperma — семя і kētos — вялікая марская жывёла.]

спермацэ́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спермацэту. Спермацэтавая маса. // Выраблены са спермацэту, са спермацэтам. Спермацэтавая мазь. Спермацэтавае мыла.

спе́рмій, ‑я, м.

Мужчынская палавая клетка вышэйшых раслін.

спермі́н, ‑у, м.

Выцяжка з семявых залоз жывёл, якая ўжываецца як лекавы сродак.