спе́раду, прысл. і прыназ.
1. прысл. З пярэдняга боку; проціл. ззаду. Зашпіліў [Андрэй] на ўсе гузікі паддзёўку — яна была мокрая спераду і пачынала лубянець. Пташнікаў. Потым [Ніна] паглядзела на сябе спераду, наслініла пальцы і зрабіла імі тоненькія бровы. Лобан. // На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н.; паперадзе. Вось спераду размашыста крочыць высокая і худая, з рашучым тварам, брыгадзірава жонка Настасся. Ракітны. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «спераду» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на месца паперадзе чаго‑н. Ісці спераду калоны. □ Хацяноўскі саступіў з дарогі і амаль адразу ўбачыў, што спераду кожнага матацыкла тырчыць руля. Здагадаўся: немцы! Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)