піло́т, ‑а, М ‑лоце, м.
Той, хто водзіць самалёты або іншыя лятальныя апараты; лётчык. Плыве самалёт над зямлёй,.. І з тысячам мараў і дум На дол паглядае пілот. Броўка. Вядзе пілот над намі самалёт І радуецца працы нашай шчыра. Панчанка.
[Фр. pilote.]
піло́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Летні ваенны форменны галаўны ўбор, які першапачаткова насілі толькі пілоты. Быў гэты чалавек у выцвілай гімнасцёрцы і пілотцы. Хомчанка.
піло́т-аэрана́ўт, пілота-аэранаўта, М пілоце-аэранаўце, м.
Пілот, які лятае на паветраных шарах.
піло́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пілаваць.
2. зб. Разм. Піламатэрыялы. Сеўшы на тоўстую сасновую пілоўку, дзед набраў прыгаршчы жоўтых апілак. Рылько.
піло́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пілота. Пятрусь вылез з пілоцкай кабіны крыху збянтэжаны — ён не чакаў, што яго будзе сустракаць усё сяло. Краўчанка.
піль, выкл.
Загад сабаку кінуцца на дзічыну. Так Воўк у «Гуманіста» гадаваўся... Калі ж спусцілі з ланцуга І закрычалі: — Піль! Цюга! Каб за суседа ён узяўся, А Воўк, бы ашалелы сатана, Наскочыў на... Апекуна... Валасевіч.
[Фр. pille.]
пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.
1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.
2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.
3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.
4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.
5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.
6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).
пільнава́ць, ‑ну́ю, ‑ну́еш, ‑ну́е; незак., каго-што.
1. Наглядаць, назіраць, вартаваць, сцерагчы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. Пільнуй гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі. Прыказка.
2. Падсцерагаць, сачыць. Зноў пільнаваў Глушак, як Апейкавы вочы бегаюць па паперы, загадзя прагнуў уведаць свой лёс. Мележ. [Рыгор:] — Ці ж гэта ты знарок дагэтуль стаяў за плотам ды пільнаваў мяне? Гартны. Аднаго разу чатыры чалавекі па чарзе пільнавалі выдру шэсць тыдняў і не маглі злавіць. Маўр.
•••
Чужую хату пільнаваць — бавіць, траціць час у суседа.
пі́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які патрабуе неадкладнага выканання, неабходны, тэрміновы. Толькі сыдзе снег — і да позняй восені не было часу займацца падрыхтоўкай: хапала іншай, больш пільнай работы! С. Александровіч. Сёння дзед Аляксей прыйшоў па вельмі пільнай патрэбе да начальніка міліцыі. Паслядовіч. Радыё — бясспрэчна, цудоўная рэч, але ж які неасцярожны гэты Віцька Радзюк, калі карыстаецца ім без пільнай патрэбы — няхай чуе ўвесь свет. Хадкевіч.
2. Старанны, руплівы, дбайны. — Але ж вы кажаце, што ён паслухмяны. А калі чалавек паслухмяны, то і пільны. Пальчэўскі. Самым першым друкаваным тварам «Музыка» паэт [М. Багдановіч] выявіў ужо сваю пільную цікавасць да тэмы мастака і мастацтва. Лойка.
3. Уважлівы, неаслабны. Жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы прыцягваюць пільную ўвагу даследчыкаў яшчэ з тых часоў, калі выйшла ў свет першая яго кніжка. Навуменка. Старшыня рыхтуецца да гутаркі аб пільным нясенні каравульнай службы. Жычка. Кожная лустачка хлеба была на пільным ўліку. Новікаў. // Зоркі, чуйны, праніклівы. Анісім спалохаўся пільнага Алімпінага позірку. Сабаленка. Затое ў Генадзя вока пільнае. Зрок у яго проста выдатны. Васілёнак.
•••
Мець пільнае вока гл. мець.