пільны, ‑ая, ‑ае.
1. Які патрабуе неадкладнага выканання, неабходны, тэрміновы. Толькі сыдзе снег — і да позняй восені не было часу займацца падрыхтоўкай: хапала іншай, больш пільнай работы! С. Александровіч. Сёння дзед Аляксей прыйшоў па вельмі пільнай патрэбе да начальніка міліцыі. Паслядовіч. Радыё — бясспрэчна, цудоўная рэч, але ж які неасцярожны гэты Віцька Радзюк, калі карыстаецца ім без пільнай патрэбы — няхай чуе ўвесь свет. Хадкевіч.
2. Старанны, руплівы, дбайны. — Але ж вы кажаце, што ён паслухмяны. А калі чалавек паслухмяны, то і пільны. Пальчэўскі. Самым першым друкаваным тварам «Музыка» паэт [М. Багдановіч] выявіў ужо сваю пільную цікавасць да тэмы мастака і мастацтва. Лойка.
3. Уважлівы, неаслабны. Жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы прыцягваюць пільную ўвагу даследчыкаў яшчэ з тых часоў, калі выйшла ў свет першая яго кніжка. Навуменка. Старшыня рыхтуецца да гутаркі аб пільным нясенні каравульнай службы. Жычка. Кожная лустачка хлеба была на пільным ўліку. Новікаў. // Зоркі, чуйны, праніклівы. Анісім спалохаўся пільнага Алімпінага позірку. Сабаленка. Затое ў Генадзя вока пільнае. Зрок у яго проста выдатны. Васілёнак.
•••
Мець пільнае вока гл. мець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)