піка́нтны, ‑ая, ‑ае.
1. Востры на смак, рэзкі. Пікантны соус.
2. перан. Які сваёй незвычайнасцю выклікае цікавасць. — Цікава, цікава, — адразу загарэўся Леў Іванавіч, падкі на ўсякія нечаканыя і пікантныя здарэнні. Васілевіч. // Не зусім прыстойны. Наконт тытулавання па бацьку.. [Іван Мацвеевіч] зараз жа расказаў пікантны анекдот. Бядуля.
3. перан. Прывабны, спакуслівы. Пікантная жанчына. □ Другія ж кінатэатры відаць здалёку. Ля іх ззяюць неонавыя рэкламы, на якіх паказаны самыя пікантныя кадры з фільмаў. Філімонаў.
[Фр. piquant. — калючы.]
піка́п, ‑а, м.
Невялікі аўтамабіль, звычайна з адкрытым кузавам, прызначаным для перавозкі грузаў і пасажыраў.
[Англ. pick-up.]
пікападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны да пікі, востры. Пікападобныя горныя вяршыні.
пі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Пішчаць адрывіста, коратка.
піке́ 1, нескл., н.
1. Баваўняная або шаўковая тканіна палатнянага перапляцення з рубчыкам уздоўж асновы. Блузка з піке.
2. у знач. нязм. прым. Зроблены з такой тканіны; пікейны. Сукенка піке.
[Фр. piqué.]
піке́ 2, нескл., н.
Амаль вертыкальнае зніжэнне самалёта на вялікай хуткасці; пікіраванне. Адзін з самалётаў нырнуў носам уніз.. Ён выйшаў з піке над самымі вяршынямі дрэў і з шалёным гудзеннем пранёсся над лесам. Лынькоў.
[Фр. piqué.]
піке́йны, ‑ая, ‑ае.
Зроблены, пашыты з піке 1. Пікейны каўнерык. Пікейныя коўдры.
піке́т 1, ‑а, М ‑кеце, м.
Невялікі ваенны вартаўнічы атрад; застава. На палове квартала .. [Васіль Пятровіч] убачыў пікет мінёраў. Карпаў. // У капіталістычных краінах — група бастуючых рабочых, выдзеленая для нагляду за парадкам у часе забастоўкі, а таксама група дэманстрантаў, якая ахоўвае дэманстрацыю ад нападу. [Навічкі] не ўдзельнічалі нават у пікетах, якія рабочыя выставілі ля фабрычных варот. Лынькоў.
[Фр. piquet.]
піке́т 2, ‑а, М ‑кеце, м.
Спец.
1. Пункт мясцовасці, які знаходзіцца на адпаведнай адлегласці ад другога пункта і адзначаны пры нівеліраванні колікам, забітым роўна з паверхняй зямлі. // Калон з нумарам, забіты ў зямлю пры нівеліраванні.
2. Адзінка вымярэння даўжыні чыгуначных ліній, роўная ў СССР 100 м.
[Фр. piquet.]
піке́т 3, ‑а, М ‑кеце, м.
Старадаўняя гульня ў карты.
[Фр. piquet.]
пікетава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пікетаваць.
пікетава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да пікетаваць.