пы́рнік, ‑у, м.
Род шматгадовых травяністых раслін сямейства злакавых, некаторыя віды якіх з’яўляюцца вельмі шкодным пустазеллем, а іншыя вырошчваюцца на корм жывёле. [Маша], як і ўсе, палола лён, які зарастаў свірэпкай і пырнікам. Гроднеў.
пы́рнікавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пырніку. Пырнікавы корань.
пырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што, чым.
Разм. Ударыць чым‑н. вострым. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Колас. Дзям’ян яшчэ раз пырнуў штыком.. [фашыста] ў грудзі і, забраўшы ўсю зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. — Бачыш, якая ў яго адмысловая рагаціна. Як пырне зверу ў жывот, дык той і асунецца. Пальчэўскі.
пы́рсканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. пырскаць (у 1–3 знач.).
пы́рскаўка, ‑і, ДМ ‑каўцы; Р мн. ‑кавак; ж.
Разм. Тое, чым пырскаюць. Хлопчык нацэліўся ў мяне з пырскаўкі і — раз! Але я хуценька адскочыў, — струмень вады праляцеў міма. Жычка.
пы́рскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Абліваць, пакрываць сябе пырскамі чаго‑н. Пырскацца духамі.
2. Тое, што і пырскаць (у 1 знач.). [Перакупшчык] за галаву хапаецца, слінаю пырскаецца, махае нам рукамі і наперад і назад. Гарэцкі. Між тым наш добры электрычны дух Прымусіў злосна пырскацца імбрычак. Дзяргай.
3. Пырскаць вадой адзін на аднаго або вакол сябе; аблівацца. Мы бяжым да ручая, плюхаемся ў цёплай вадзе, пырскаемся, пасля валяемся ў цяньку і марым аб тым часе, калі ў нас будзе свая сажалка. Рунец. [Маша] церла рукі, твар, валасы, духмяным, мылам, пырскалася вадой і смяялася. Шамякін.
пы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. чым. Раскідаць кроплі вадкасці, іскры, дробныя часцінкі чаго‑н. Калі Павел прыбег на панскі двор, там ужо было многа крошынцаў, а маленькі вёрткі чыноўнік Нервалодаў нешта крычаў і пырскаў слінаю на сялян. С. Александровіч. Язэп бачыў, як тол знік пад вадой, як цягнуў у глыбіню шнур, як той гарэў і пырскаў іскрамі. Асіпенка. // Рассейваць кроплі вады або якой‑н. вадкасці куды‑н. з якой‑н. мэтай. Маці набірае з конаўкі поўны рот вады і пырскае ў мой твар. Бядуля. [Тася Кабрынец] да свірна прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі льнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам. Бялевіч.
2. Разлятацца, рассейвацца кроплямі, дробнымі часцінкамі. Афіцэр крычыць, аж пена з рота пырскае. Кулакоўскі. [Яўхім і Рыгор] удвух ідуць мокрым поплавам і вада пырскае з-пад іх ног. Чорны. / Пра дробны дождж. Пачаў пырскаць дробны дожджык, але цяпер ён быў няшкодным, нават адкрытае вогнішча ад гэтага не цярпела. Маўр. // перан. Моцна выяўляцца (пра пачуцці, настрой). [Злосць] поўніла ўсю .. істоту [Соміка], пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва. Гуллівы настрой, здавалася, так і пырскаў з.. [Таніных] агністых вачэй. Марціновіч.
3. Імкліва разбягацца, скакаць, накіроўвацца ў розныя бакі. Бясконцым.. хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі.
4. Не стрымаўшыся, пачаць смяяцца. Палашка грозна аглядала.. [дзяўчат] і выходзіла. Дзяўчаты не вытрымлівалі і дружна пырскалі смехам. Лынькоў. Шапталіся, паціху пырскалі ад смеху. Пянкрат.
пы́рскі, ‑аў; адз. пырска, ‑і, ДМ пырсцы, ж.
Кроплі вадкасці, якія разлятаюцца ад удару, усплёску і пад. Вунь — пляснуў шчупак па вадзе, Аж пырскі наўкруг паляцелі. Бялевіч. Бочка на драбінах кідалася і аблівалася пырскамі. Лобан. // Дробныя часцінкі чаго‑н., што разлятаецца ў розныя бакі. Конь ахвотна бег з паднятай галавою, і снег з-пад капытоў разлятаўся ў бакі пырскамі камячкоў. Пестрак. Спалохана войкае шкло, танюткімі пырскамі рассыпаўшыся па падлозе. Скрыган. // перан. Пра рассеяныя прамяні святла. Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Па франтонах, па карнізах І па трубах сонца льецца І ва ўсіх фантанах знізу На мільёны пырскаў б’ецца. Гілевіч.
пы́рснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да пырскаць.
2. Раптоўна і моцна паліцца. Саша захліпнулася, і слёзы пырснулі з вачэй. Пестрак. Кроў фантанам пырснула з раны. Новікаў. // перан. Раптоўна з’явіцца, паказацца (пра сонечныя прамяні, святло, агонь). Назаўтра, ледзь сонца пырснула з-за Некрашоў, Шэмет ужо быў на стадоле. Лобан.
пырх, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў пырхаць 1 і пырхнуць 1. Вяртлявая сінічка пырх — і няма яе... Лынькоў.