пыта́льнік, ‑а, м.
Знак прыпынку (?), які ставіцца ў канцы пытальнага сказа.
пыта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які змяшчае ў сабе пытанне, выяўляе пытанне. Пытальны сказ. Пытальны позірк.
пыта́нне, ‑я, н.
1. Зварот да каго‑н., які патрабуе адказу, тлумачэння і пад. Адказаць на пытанне. □ Маці закідала сына пытаннямі, плакала і смяялася. Колас. Жанчына падышла бліжэй І ўважліва паглядзела на Мішу. — А ты хто такі? На гэтае простае пытанне Міша чамусьці не змог адказаць адразу. Жычка.
2. Практычная або тэарэтычная задача, якая патрабуе вырашэння; праблема. Аграрнае пытанне. Нацыянальнае пытанне. Абмеркаваць надзённае пытанне. □ Сялянскае пытанне, вучылі М. Г. Чарнышэўскі і М. А. Дабралюбаў, можа быць вырашана толькі рэвалюцыйным шляхам, шляхам узброенага паўстання. Ларчанка. // Справа, аб’ект абмеркавання, увагі. Наташа ведала, гэта памочнік Паўла Пятровіча і што ён пачне абавязкова распытваць, па якому пытанню яна хоча бачыць сакратара. Шамякін.
3. толькі мн. (пыта́нні, ‑яў). Як састаўная частка назваў некаторых часопісаў, зборнікаў, артыкулаў, прысвечаных пэўнай галіне ведаў. «Пытанні мовазнаўства». «Пытанні перакладу».
•••
Адкрытае пытанне — нявырашанае пытанне.
Жаночае пытанне — пытанне аб становішчы жанчыны, жаночай працы, роўнасці жанчын у грамадзянскіх правах з мужчынамі.
Рытарычнае пытанне — стылістычны прыём у мове: сцверджанне ў форме пытання.
Балючае пытанне — надзённая, неабходная, але цяжкая для вырашэння задача.
Пытанне жыцця або смерці — пра што‑н. вельмі важнае.
Ставіць пытанне рубам гл. ставіць.
пыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каго-што, чаго, аб кім-чым, пра каго-што, з дадан. сказам.
Тое, што і пытаць. Чалавек з перавязанай рукой усё пытаўся: — Братцы, а ў вас немцаў часам нямашака? Лынькоў. І прагна пальцы з пальцамі спляталіся, І нічыйго дазволу не пыталіся. Макаль. Рыгор пытаўся [у доктаркі] пра жыццё, пра бальніцу, так, пустую размову заводзіў. Б. Стральцоў.
пыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Звяртацца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н., задаваць пытанне. — Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? — пытала бабка Лабановіча. Колас. У людзей пытай, ды свой розум май. Прыказка. // Весці апытванне (вучняў). Паўтарэнне ішло як звычайна: адных настаўніца выклікала да дошкі, другіх — пытала з месца. Шыловіч.
2. што і чаго. Прасіць дазволу на што‑н., звяртацца з якой‑н. просьбай. Пытаць дазволу. Пытаць дарогі. □ Галодны прысмакаў не пытае. Прыказка. // Прасіць, патрабаваць паказаць (дакумент). Пытаць пасведчанне. □ То прападае, то зноў, варухнуўшы галінай, У пешаходаў пытае яна [граніца] пашпарт. Куляшоў.
пытлёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пытляваць.
2. Разм. Тое, што і пытляванка. [Мельнік] Дыміць самакруткай, З дзядзькамі гамоніць, Пытлёўкі бялюткай Зачэрпне далонню... Прануза.
пытлява́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм. Пытляваная мука. Добра было сядзець побач на мяккіх мяхах яшчэ цёплай пытляванкі. Грахоўскі.
пытлява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пытляваць.
пытлява́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пытляваць.
2. у знач. прым. Дробна размолаты і прасеяны (пра муку, пераважна жытнюю). Пытляваная мука. // Спечаны з такой мукі. Пытляваны хлеб.
пытлява́цца, ‑люецца; незак.
Зал. да пытляваць.